У Варшаве Губарэвіч, Лябедзька і Рымашэўскі падпісалі дамову з польскай Грамадзянскай платформаю


Прадстаўнікі беларускай Правацэнтрысцкай кааліцыі падпісалі ў Варшаве дамову аб супрацы з Грамадзянскай платформай – польскай ліберальна-кансерватыўнай палітычнай партыяй.

Грамадзянскай платформа (Platforma Obywatelska) – адна з найбольш уплывовых палітычных партыяў у Польшчы. Перамагала на парламенцкіх выбарах 2007 і 2011 гг. Пасля паразы на выбарах 2015 года перайшла ў апазіцыю.

У беларускую Правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух «За свабоду». У Варшаве 4 ліпеня дамову аб супрацы з Грамадзянскай платформай ад кааліцыі падпісалі Віталь Рымашэўскі (БХД), Анатоль Лябедзька (АГП) і Юрась Губарэвіч («За свабоду»).

Старшыня «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што беларускай апазіцыя даўно сябруе з Грамадзянскай платформай. Прынамсі, партнёрства руху «За свабоду» з ГП распачалося яшчэ ў 2007-2008 гг.

«Правацэнтрысцкая кааліцыя мае шчыльныя зносіны з Грамадзянскай платформаю, як з адным з чальцоў Еўрапейскай народнай партыі (гэта наша партнёрскай партыя ў Еўразвязе). Гэтым дакументам мы фактычна проста фармалізавалі тыя стасункі, якія ў нас ужо былі і дастаткова паспяхова развіваліся. Дамова прадугледжвае больш глыбокую супрацу на міжнародным узроўні – дапамогу з боку Грамадзянскай платформы па прасоўванні беларускага пытання на розных міжнародных пляцоўках. Таксама прадугледжваюцца камунікацыі паміж нашымі структурамі на ўзроўні рэгіянальных аддзяленняў і моладзі, удзел у міжнародных канферэнцыях, што актуальны як для Беларусі, так і для Польшчы», – распавёў Юрась Губарэвіч belsat.eu.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў