У Валожынскім раёне мужчына, якога асудзілі за пагрозу забіць жонку, усё ж зрабіў гэта


Ілюстратыўнае фота TUT.by

У адной з вёсак Гародзькаўскага сельсавету на Валожыншчыне раніцай 21 чэрвеня была забітая жанчына, піша Млын.by. Цела знайшлі ў хляве. У злачынстве падазраюць ейнага 58-гадовага мужа.

Падазраваны ў траўні быў асуджаны за пагрозу забойствам жонцы. Мужчына познім вечарам 1 красавіка ў парыве рэўнасці з каністрай бензіну і запалкамі пагражаў спаліць дом разам з жонкай, а потым прымушаў яе пісаць перадсмяротную запіску.

Жанчыну паспелі выратаваць міліцыянты. Тады ейны муж атрымаў пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх працаў.

Пасля гэтага выпадку муж і жонка разам не жылі. Жонка перабралася ў Смаргонь. Паводле папярэдняй версіі, напярэдадні забойства яна прыехала да мужа і засталася на ноч. Меркавана, раніцай паміж імі адбылася сварка і муж некалькі разоў ударыў яе нажом у грудзі.

Падазраваны цяпер затрыманы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў