У вакацыі настаўнікі будуць «выседжваць гадзіны» замест таго, каб пайсці на каранцін


Настаўнікі чакалі вакацыяў як вызвалення, каб ізалявацца прынамсі да 4 красавіка. Але ў апошнія дні трэцяй чвэрці атрымалі загад «сядзець у пустых класах да апошняй хвіліны працоўнага дня. Без дыскусіяў, без панікі».

Скрыншот Belsat.eu з перапіскі з настаўніцаю праз Viber

Сённяшняга дня чакалі шматлікія настаўнікі, прыхільнікі ўвядзення каранціну ў навучальных установах краіны. Марылі, што дзеці пойдуць на вакацыі, а яны – у каранцін. У размове з крыніцаю «Белсату» класная кіраўніца адной з агульнаадукацыйных школ прызнавалася, што настаўнікі баяцца заразіцца ад дзяцей, адчыняюць вокны пасля кожнага ўроку, дэзынфекуюць працоўнае месца.

«Чаму ў нас, як у іншых краінах, не ўвядуць гэты каранцін? Застаўся апошні тыдзень, вучобы ўжо аніякае. Але я не магу бацькам, як настаўніца, гэта сказаць! Папрасіла адную маці, каб яна ў групе ў Viber асцярожна паведаміла ўсім, каб забіралі дзяцей! У мяне 11 хворых невядома чым!», – скардзіцца настаўніца.

Шараговыя настаўнікі са скаргамі далей за «настаўніцкі пакой» выходзяць рэдка. Зваротаў у Мінадукацыі аднак не бракуе. Напрыклад, 23 сакавіка бацька, настаўнік і сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве адукацыі Андрэй Грыгор’еў звярнуўся да міністра адукацыі Ігара Карпенкі з адкрытым лістом. У ім ён просіць пра ўвядзенне каранціну ва ўстановах адукацыі.

«Так, дзеці амаль не хварэюць. Так, яны пераносяць хваробу вельмі лёгка. Аднак яны – распаўсюднікі вірусу. Давайце падумаем пра выкладчыкаў. Пра тых, хто працуе ў школах і ВНУ. Пра выхавацеляў дзіцячых садкоў. Шмат хто з іх ва ўзросце першага ўдару. Няма нічога ганебнага ў тым, каб перавесці ўстановы адукацыі на дыстанцыйнае навучанне. Гэта не паказнік слабасці ўлады. Наадварот – гэта паказнік моцы. Знак таго, што дзяржава са сваймі людзьмі», – аргументуе Андрэй Грыгор’еў.

Фота – Mateusz Wlodarczyk/FORUM

Калі просьбы не дзейнічаюць

Пра каранцін у навучальных установах таксама просяць студэнты, праваабаронцы, грамадзяне ствараюць петыцыі.

Начальнік кіравання вышэйшай адукацыі Сяргей Каспяровіч на Youtube-канале Беларускага прэс-цэнтру даў адказ:

«Міністэрства адукацыі лічыць немэтазгодным увядзенне каранціну ва ўстановах адукацыі, таму што ўвесь комплекс дзеянняў, накіраваны на прафілактыку і на мінімізацыю кантактаў у сістэме адукацыі, ужо праведзены».

Элементамі «комплексу дзеянняў» чыноўнік між іншага назваў адмену ці перанос на пазнейшыя тэрміны масавых мерапрыемстваў і карэктаванне графікаў заняткаў. Да абмеркавання далучыўся галоўны медык краіны. На пытанне студэнткі Елізаветы з БДУ пра магчымасць увядзення дыстанцыйнага навучання міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адказаў наступнае: «У нас ужо быў не зусім пазітыўны досвед пераводу на дыстанцыйнае навучанне БНТУ, калі мы прапанавалі застацца ў месцах пражывання і праводзіць навучанне дыстанцыйна і не пакідаць Менск. У выніку мы атрымалі, што прыкладна 600 студэнтаў у той жа дзень з’ехалі па гарадах і вёсках. Больш за сотню трапілі ў шпіталі ў сувязі з прыкметамі рэсператорна-віруснай інфекцыі. Ні ў адным выпадку каронавірус не пацвердзіўся».

Сістэма «кропкавых» удараў

Дагэтуль на каранцін пайшлі вучні тых навучальных установаў, дзе маленькі Ковід-19 ужо зрабіў вялікі перапалах – ці то былі выпадкі інфікавання, ці то падазрэнні на каронавірус. Гэтак, напрыклад, у СШ № 212 г. Менску ў сярэдзіне сакавіка быў шпіталізаваны вучань 6-га класу з падазрэннем на COVID-19. Ягоныя аднакласнікі апынуліся на хатнім каранціне. Падобны выпадак быў з класам у школе ў Віцебску .

У Беларускім Дзяржаўным Універсітэце на дыстанцыйнае навучанне перавялі некалькі групаў пасля выяўлення там COVID-19. Так адбылося на філалагічным факультэце БДУ. Вышэй правал «удалёнкі» крытыкаваў міністр адукацыі. А 14 сакавіка, калі ў пяці студэнтаў БДУ выявілі каронавірус, 240 студэнтаў і выкладчыкаў накіравалі ў шпіталі. Лекцыі і семінары перанеслі на пазнейшы тэрмін. Але паводле студэнцкага Telegram-каналу «Отчислено» на механіка-матэматычным факультэце ўніверсітэту лекцыі ізноў аднаўляюцца.

Студэнты БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Каранцін уводзілі і ў БНТУ, дзе знайшлі першы ў Беларусі выпадак інфікавання каронавірусам у студэнта з Ірану. З 10 сакавіка ўніверсітэт вярнулі да штатнага рэжыму заняткаў.

Татальнага каранціну ў галіне адукацыі, відаць, не будзе. Будзе пацеха. Міністэрства адукацыі абвесціла набор у дзіцячыя лагеры падчас вясновых вакацыяў.

Настаўнікі школаў просяцца на каранцін

Вакацыі толькі пачынаюцца, настаўнікі спадзяюцца, што ім усё ж дазволяць правесці іх здаля ад школы. Гэтае рашэнне належыць не да міністра адукацыі, лічыць намесніцай старшыні Таварыства беларускай школы Тамарай Мацкевіч:

«Тыдзень вакацыяў вельмі дапамог бы, калі б настаўнікам далі ўказанні, нейкія перспектывы, да чаго рыхтавацца – да звычайнага навучання, ці да таго, што часткова навучанне будзе ў дыстанцыйным фармаце. Я не думаю, што такая інструкцыя прыйдзе зверху. Такія ўказанні маюць прыйсці ад разумных дырэктараў школ, дзе разумная самаарганізацыя настаўнікаў».

Фота: Ірына Арахоўская /«Белсат»

Распаўсюджваць ці каментаваць інфармацыю пра каронавірус у школах забаранілі на ўказанні зверху. У Telegram-канале NEXTA з’явіўся дакумент, у якім аддзел адукацыі Магілёўскага райвыканкаму забараніў вучням і работнікам установаў адукацыі ставіць падабайкі ў сацыяльных сетках, рабіць спасылкі і каментаваць інфармацыю, звязаную з пашырэннем каронавіруснай інфекцыі.

Частка настаўнікаў абірае шлях адмаўлення небяспекі каронавірусу. Пра гэта ў сваім блогу напісала настаўніца Ганна Севярынец:

«Я бачу, як некаторыя настаўнікі дазваляюць сабе абразлівыя каментары ў бок вучняў у масках. Я бачу нават, як дарослыя з задавальненнем арганізуюць цкаванне такіх «панікёраў». Я ведаю, што некаторых бацькоў шантажуюць праблемамі з вучобай, калі яны забяруць дзіця са школы на каранцін».

Фота «Белсат»

Што ж рабіць тым настаўнікам, якія прагнуць самаізаляцыі ў момант няпэўнасці? «Некаторыя настаўнікі забяспечваюцца і ідуць на працу і вучыць дзяцей, як засцерагчыся самім і як засцерагчы сваіх бабуляў і дзядуляў. Гэта іхнае права – хадзіць на працу. Але ёсць і тыя, хто піша заяву на адпачынак на ўласны кошт. Кожны робіць па-свойму правільна. Але тыя, хто высмейвае дзяцей, якія ў масках ходзяць – несумленныя людзі, яны не павінныя быць настаўнікамі», – падсумоўвае Тамара Мацкевіч.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu

Стужка навінаў