У турму за «Pussy»? На гарадзенца завялі крымінальную справу за рэпост кліпу «Rammstein»


У 2014 годзе 25-гадовы Андрэй Галавенка апублікаваў кліп «Pussy» нямецкага гурта «Rammstein» на сваёй старонцы «УКантакце». Мясцовыя міліцыянты зацікавіліся рэпостам маладзёна, і цяпер яго будуць судзіць за распаўсюд парнаграфіі.

«Я не ведаю, як яны знайшлі гэты рэпост. Я нікуды не лезу: праца, дом, праца», – распавёў Belsat.eu Андрэй Галавенка.

21 сакавіка 2019 года аддзел культуралагічных экспертызаў Дзяржкамітэту судовых экспертызаў у экспертным заключэнні прызнаў кліп забароненым для паказу і распаўсюду праз наяўнасць парнаграфічных сцэнаў.

У кліпе шмат кадраў з жаночымі аголенымі грудзямі, сцэны імітацыі сексу і некалькі момантаў, на якіх бачная жаночая вагіна.

На падставе экспертызы Гарадзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў супраць хлопца крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 343 КК («Выраб і распаўсюд парнаграфіі»). Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 2 да 4 гадоў.

«Я дадаў гэты кліп і забыўся пра яго. Я нават не ведаю, ці паглядзеў яго. А пасля мяне выклікаюць і кажуць пра распаўсюд порна. Спачатку я нават не зразумеў, адкуль у мяне порна. Аказалася, што гэта «Rammstein». Міліцыянты пыталіся, навошта я гэта дадаў», – распавёў хлопец Belsat.eu.

Неўзабаве гарадзенца выклікаюць на допыт.

Hавiны
Гамельчука судзяць за рэпост парадаў ад анархістаў
2019.03.07 19:11

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў