У «турме для геяў» чачэнцаў забілі стрэламі ў патыліцу. СК Расеі адмовіўся распачаць справу


Зняволеных, што знаходзіліся ў так званай «сакрэтнай турме для геяў» у Чачэніі, забілі 30 сакавіка 2017 года стрэламі ў патыліцу з блізкай адлегласці. Пра гэта паведамляе расейская «Новая газета» са спасылкай на судова-медычную экспертызу, атрыманую падчас праверкі СК РФ.

Паводле афіцыйнай версіі, чачэнцы Шота-Шаміль Акаеў і Аюб Ібрагімаў былі застрэленыя нібыта пры спробе нападу на паліцыянтаў.

Следчы камітэт Расеі распачаў праверку на падставе заявы жыхара Пермскага краю Максіма Лапунова, які пражываў у Чачэніі на працягу двух гадоў. У кастрычніку 2017 года ён быў затрыманы мясцовай паліцыяй і дастаўлены ва Упраўленне крымінальнага вышуку МУС Чачэніі. Лапуноў сцвярджае, што яго незаконна трымалі ў склепе два тыдні і збівалі праз ягоную сексуальную арыентацыю. У тым ліку, ад яго патрабавалі назваць імёны чачэнцаў, з якімі ён уступаў у стасункі. З дапамогай сваякоў Лапуноў здолеў выйсці на волю.

У сваёй заяве ў СК Лапуноў апісаў умовы зняволення і распавёў пра супрацоўнікаў «сакрэтнай турмы». Паводле яго, разам з ім там утрымлівалі дзясяткі чалавек. Частка з іх – па аналагічных абвінавачаннях. Лапуноў таксама ўказаў, што бачыў у турме Акаева і Ібрагімава, якіх трымалі ў турме больш за 40 сутак, спрабуючы выбіць прызнанне ў датычнасці да забойства сілавікоў.

У выніку следчыя выявілі, што Акаеў і Ібрагімаў зніклі 6 лютага 2017 году і былі забітыя праз паўтара месяца. Аднак крымінальную справу цэнтральны апарат СК Расеі распачынаць адмовіўся, бо «абставіны, выкладзеныя ў заяве Лапунова, якія тычацца яго незаконнага затрымання, не атрымалі аб’ектыўнага пацверджання». Справу «спусцілі» фактычна на ўзровень МУС Чачэніі – структуры, якая, паводле Лапунова, мае наўпроставае дачыненне да катаванняў у «сакрэтнай турме» і пазасудовых расправаў над чачэнцамі-гомасексуаламі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў