У Турцыі 13 апазіцыйных журналістаў прысудзілі да турэмнага зняволення


Фота - © Twitter/Kenneth Roth

Турэцкі суд прысудзіў 13 журналістаў апазіцыйнай газеты Cumhuriyet да зняволення паводле абвінавачвання ў падтрымцы тэрарыстычных арганізацыяў.

Суд палічыў, што сваёй працай супрацоўнікі газеты аказвалі падтрымку «Працоўнай партыі Курдыстана», леварадыкальнай «Рэвалюцыйнай народна-вызваленчай партыі-фронту» і руху апальнага прапаведніка Фэтхулы Гюлена, якога ўлады абвінавачваюць у спробе вайсковага перавароту ў Турцыі ў 2016 годзе.

Сярод асуджаных журналістаў ёсць вядомыя аўтары. Ахмет Шык, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі, быў прыгавораны да 7,5 гадоў зняволення. Бухгалтар газеты Эмрэ Іпер атрымаў тэрмін у тры гады і адзін месяц па артыкуле аб прапагандзе тэрарызму. Вядомы карыкатурыст Муса Карт быў прыгавораны да трох гадоў і дзевяці месяцаў, галоўны рэдактар ​​Мурат Сабунчу – да сямі з паловай гадоў. Выканаўчага дырэктара газеты Акіна Атала прысудзілі да 7 гадоў зняволення.

На сённяшні дзень Cumhuriyet, якая была заснаваная ў 1924 годзе, адно з нешматлікіх выданняў у Турэччыне, якія знаходзяцца ў адкрытай апазіцыі да прэзідэнта Эрдагана.

Эрдагана абвінавачваюць у парушэнні свабоды прэсы. Сёлета ў сакавіку па абвінавачванні ў сувязях з арганізацыяй Гюлена ўжо былі асуджаныя 25 журналістаў. У рэйтынгу свабоды СМІ Турэччына цяпер знаходзіцца нават на дзве пазіцыі ніжэй за Беларусь – на 157 месцы.

 

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Глядзі таксама
Каментары