У Тунісе арыштавалі беларусаў з пашпартамі розных краінаў – іх падазраюць у шпіянажы


Туніская паліцыя. Ілюстратыўнае фота – Zoubeir Souissi / Forum / Reuters

1 ліпеня агенцтва «Tunis Afrique Presse» паведаміла пра затрыманне дваіх беларусаў, якіх падазраюць у шпіянажы.

Туніскае радыё «Mosaique» удакладняе, што следства супраць беларусаў распачалося пасля таго, як падазраваныя прыбылі ў Сфакс, другі па велічыні горад краіны, засяліліся ў гатэль і адмаўляліся пускаць у нумар каго-кольвек, у тым ліку абслугу.

Пасля гэтага адміністрацыя гатэлю паінфармавала спецслужбы, якія цягам двух тыдняў праводзілі назіранне, а пасля атрымалі ад суду дазвол на тое, каб увайсці і агледзець памяшканне.

У пакоі яны знайшлі пашпарты Украіны, Польшчы і Мальдываў, а таксама камп’ютары, мабільныя тэлефоны з сім-картамі розных аператараў ды іншае электроннае абсталяванне.

Прэсавы сакратар суду ў Сфаксе Мурад Туркі распавёў журналістам, што абсталяванне і пашпарты канфіскаваныя.

Пракуратура дала дазвол на арышт затрыманых.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз адмовіўся пракаментаваць «Белсату» гэтую справу.

«Спачатку станьце журналістамі з пункту гледжання МЗС, потым з вамі паразмаўляем», – заявілі нам у ведамстве.

У каментары радыё «Свабода» МЗС распавяло пра тое, што ведае пра паведамленне і «высвятляе сітуацыю».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў