У ЦВК няма часу, каб дазволіць бяспечна збіраць подпісы на выбарах падчас пандэміі


Цэнтральная выбарчая камісія не будзе ўкараняць прапановы праваабаронцаў адносна правядзення выбараў ва ўмовах пандэміі.

Як паведамляе «Вясна», удзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» накіравалі ў ЦВК, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Беларусі шэраг прапаноў адносна правядзення прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах эпідэміі COVID-19.

Гэтак, адной з прапановаў было распрацаванне дыстанцыйных працэдур для збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. У адказе ЦВК паведамляецца, што часу для ўнясення зменаў у заканадаўства ўжо няма. Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына спасылаецца на рэкамендацыі міжнародных экспертаў, паводле якіх змены ў выбарчае заканадаўства не мусяць прымацца меней, чым за год да выбараў. Таксама Ярмошына заявіла, што «выкарыстанне інфармацыйных тэхналогіяў і іншых дыстанцыйных спосабаў для ажыццяўлення выбарчых працэдур патрабуе не толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоў, а таксама папярэдняй ацэнкі іх кошту, эфектыўнасці, даверу і бяспекі».

Hавiны
Палата прадстаўнікоў прызначыць дату выбараў 8 траўня
2020.05.07 16:27

Праваабаронцы прапаноўвалі дзеля бяспекі грамадзянаў дазволіць накіроўваць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі электронныя звароты. Але ў ЦВК заявілі, што «заканадаўствам не прадугледжаны абавязак камісіяў мець электронную пошту».

Таксама Цэнтрвыбаркам паведаміў, што пытанні прыняцця мераў прафілактыкі распаўсюду COVID-19 пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, у тым ліку арганізацыі пасяджэнняў і назірання за імі з дапамогай відэаканферэнцый, будуць вырашацца з улікам эпідэміялагічных умоваў падчас выбараў.

На думку каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча, такія адказы сведчаць пра тое, што тактыка ўладаў падчас выбарчай кампаніі цалкам ігнаруе прынцыпы элементарнай бяспекі.

«Інтарэсы ўсіх удзельнікаў электаральнай кампаніі – а гэта мільёны грамадзянаў Беларусі – не бяруцца ва ўлік. Яны думаюць пра тое, як найхутчэй легітымізаваць свае паўнамоцтвы праз гэтую выбарчую кампанію. Фактычна чыноўнікі занятыя сваёй асабістай бяспекай. А тое, што прапаноўвалі мы, магло б мінімізаваць наступствы гэтай пандэміі», – заявіў Лабковіч.

Нагадаем, што дату выбараў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць прызначыць ужо 8 траўня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў