У цэнтры Менску мужчына здзейсніў самападпал. Ён непрытомны


Месца падпалу і пацярпелы.
Фота: радыё «Свабода»

На сталічнай плошчы Незалежнасці 35-гадовы мужчына падпаліў сябе. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ён выжыў, але атрымаў 50 % апёкаў і цяпер непрытомны.

Першыя паведамленні пра інцыдэнт з’явіліся ў тэлеграм-каналах прыблізна аб 11:13. На відэа бачна, што чалавек падпаліў сябе побач з Домам ураду. Следчы камітэт адзначае, што пацярпелы – 35-гадовы мужчына. Яго патушылі мінак і працаўнік праваахоўных органаў.

Паводле інфармацыі «Нашай нівы», самападпал здзейсніў 35-гадовы Павел Б., кіроўца тралейбуснага парку сталіцы. БелТА акцэнтуе ўвагу, што мужчына неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці паводле артыкулу 328 («Незаконны абарот наркотыкаў»).

«Апошнім часам у яго быў цяжкі перыяд. Мы ў разжэнстве са жніўня, не з палітычных прычынаў. Усё гэта яшчэ магло здарыцца, таму, што ён перажываў, што сям’ю падводзіць. Бо п’е і не можа даць рады з гэтым», – распавяла «Нашай ніве» былая жонка Паўла.

«Белсат» паразмаўляў з Паўлавым знаёмым Андрэем, які ведае мужчыну 15 гадоў. Ён упэўнены, што, нягледзячы на сцверджанні праўладных тэлеграм-каналаў, прычынай учынку быў не алкаголь.

«Мы пазнаёміліся на фестывалі сярэднявечнай культуры, Павел займаўся ў рыцарскім клубе. Мы ездзілі на фестывалі разам, падарожнічалі. Ён даваў мне кнігі пра гісторыю і культуру Беларусі.

Было бачна, што чалавек перажывае за тое, што адбываецца ў краіне. Яго даўно турбуе несправядлівасць, баліць за Беларусь душа і сэрца. Ён здзейсніў вельмі моцны ўчынак, спадзяюся, што ён ачуняе», – кажа Андрэй.

«Адбыўся нейкі інцыдэнт. Цяпер міліцыя не можа даць больш падрабязнай інфармацыі: удакладняюцца акалічнасці. На месца вырушыла следча-аператыўная група: як толькі ўдакладняць усе абставіны, з’явіцца афіцыйны каментар», – распавяла «Onliner» прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

На месцы самападпалу працавалі следчыя і міліцыянты. Пацярпелага даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр.

Фота: ТК / «Белсат»

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў