У цэнтры Масквы праходзіць забаронены ўладамі марш. Ёсць затрыманыя


Днём 12 чэрвеня ў цэнтры Масквы людзі сабраліся на анансаваны раней марш у падтрымку журналіста Івана Галунова. Маршрут шэсця – ад Чыстых сажалак да ўпраўлення паліцыі на Пятроўцы, 38. Улады горада дазвол на акцыю не далі. Карэспандэнт Belsat.eu перадае з месца падзей.

Па стану на 12.00 (мск) колькасць удзельнікаў маршу перавысіла тысячу.

Сярод іх – гендырэктар «Медузы» Галіна Цімчанка і галоўны рэдактар ​​Іван Каўпакоў. Прысутнічае і спецкар «Новай газеты» Ілля Азар, які на мінулым тыдні адным з першых выйшаў на пікет у падтрымку Івана Галунова.

Сам Галуноў ад удзелу ў няўзгодненым з уладамі маршы адмовіўся.

Апазіцыйны палітык, каардынатар «Левага фронту» Сяргей Удальцоў ненадоўга прыйшоў на марш.

«Усе грамадства павінна быць салідарным. Чым больш салідарнасці, тым лепш. Мы не здаемся. Барацьба працягваецца» – заявіў Удальцоў.

Паліцыя з раніцы дзяжурыла ля месца правядзеньня маршу: уздоўж тратуараў стаяць паліцэйскія аўтобусы.

Калі натоўп пачаў рух па Чыстых сажалках, паліцыя стала крычаць у мегафон, каб яны разышліся.

Затым сілавікі сталі атачаць пратэстуючых. Спачатку паведамлялася пра траіх затрыманых, але літаральна праз паўгадзіны затрыманні набылі масавы характар – усяго ў аўтазаках апынуліся каля 20 чалавек.

Журналісты «Медузы» Ілля Жыгулёў і Андрэй Перцаў таксама былі затрыманыя. У асноўным, паліцыя рэагуе на людзей у футболках з надпісам у падтрымку Галунова. Жыгулёва адпусцілі пасля таго, як ён паказаў журналісцкае пасведчанне.

Будзе дапоўнена.

КА/Юлія Рэпрынцава/АА belsat.eu

Стужка навінаў