У цэнтры гораду пратэставаць нельга. Улады Берасця ізноў забаранілі акцыю супраць акумулятарнага заводу


Берасцейскі гарвыканкам не дазволіў правесці сем пікетаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Ініцыятыўная група супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу прасіла ўлады даць дазвол на правядзенне 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня пікетаў у цэнтры гораду на бульвары Шаўчэнкі. Але ў чарговы раз група атрымала адмову. Намеснік старшыні гарвыканкаму Вадзім Краўчук спасылаецца на забарону правядзення масавых мерапрыемстваў у цэнтры гораду і адзначае, што ў Берасці ўстаноўлены месцы для правядзення падобных акцый.

Адзначым, што такіх месцаў толькі два, і абодва знаходзяцца на ўскрайку гораду. У той жа час улады не забараняюць у цэнтры гораду праводзіць ініцыяваныя імі мерапрыемствы. Як і не перашкаджалі 1 траўня праезду па цэнтры гораду байкераў з мотаклубу «Начныя ваўкі» і шэсцю камуністаў.

Заўважым, што з мноства пададзеных у гарвыканкам заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў супраць акумулятарнага заводу задаволена была толькі адна – на правядзенне мітынгу «Берасцейскі супраць свінцу». Мітынг прайшоў у парку воінаў – інтэрнацыяналістаў і сабраў каля двух тысячаў чалавек.

«Улады баяцца вулічнага пратэсту супраць акумулятарнага заводу. Наш пратэст усімі сіламі спрабуюць адвесці з вуліцы і схаваць далей ад вачэй берасцейцаў. Гэтая забарона груба парушае наша права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў. Мы будзем абскарджваць яго ў судзе і затым у Камітэце ААН па правах чалавека«, – заявіў Белсату праваабаронца Раман Кісляк.

Жыхары Берасця ўжо паўгода дамагаюцца прыпынення будаўніцтва акумулятарнага заводу побач з горадам. Улады будаўніцтва патэнцыйна небяспечнай вытворчасці не спыняюць.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары