У цэнтры Бішкека сілавікі разагналі акцыю пратэсту прыхільнікаў Атамбаева


Сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў разганяюць прыхільнікаў затрыманага экс-прэзідэнта Алмазбека Атамбаева, якія сабраліся ў цэнтры Бішкека. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Каля 300 працаўнікоў міліцыі адціснулі прысутных ад парламента і з цэнтральнай плошчы Бішкека. Міліцыянты ўжываюць спецсродкі, святлашумавыя гранаты, слёзатачывы газ. Плошча і тэрыторыя ля Белага дома цалкам вычышчаная ад мітынгоўцаў. Цяпер прыхільнікаў Атамбаева выцясняюць з усіх вуліцаў, размешчаных побач з будынкам парламента.

Нагадаем, увечары прыхільнікі Атамбаева каля тысячы чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы Бішкека. Частка з іх пайшла ў бок будынку Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бяспекі, куды даставілі Атамбаева з паплечнікамі.

  • Былы прэзідэнт Кыргызстану 8 жніўня Алмазбек Атамбаеў здаўся ўладам. Яго даставілі ў Галоўнае следчае ўпраўленне МУС. АКИpress паведамляе, што праваахоўнікі разам з Атамбаевым узялі яго паплечнікаў Кундуз Жалдубаеву і Фарыд Ніязава. Усіх вывезлі ў Бішкек на некалькіх аўтамашынах у аб’езд, бо дарога з Кой-Таша ў Бішкек была блакаваная прыхільнікамі Атамбаева.
  • 7 жніўня спецназ зрабіў няўдалую спробу захопу экс-прэзідэнта, пасля чаго прыхільнікі Атамбаева адбілі яго. У сваім звароце па тэлебачанні ён заклікаў улады Кыргызстану «не ісці супраць народу». Паводле Міністэрства аховы здароўя, за два дні супрацьстаяння сілавікоў і прыхільнікаў Атамбаева (7-8 жніўня) усяго па медычную дапамогу звярнуліся 98 чалавек. Адзін пацярпелы, баец «Альфа» – памёр. 11 працаўнікоў сілавых структур былі пераведзены ў шпіталь, 13 пацярпелых атрымліваюць стацыянарнае лячэнне, 83 пацярпелых адпраўленыя на амбулаторнае лячэнне.
Абноўлена
Былы прэзідэнт Кыргызстану Атамбаеў здаўся ўладам
2019.08.08 09:13
  • Атамбаеў быў прэзідэнтам Кыргызстану з 1 снежня 2011 па 24 лістапада 2017 года. У 2017 годзе палітык саступіў месца прэзідэнта Сааронбаю Джэенбекаву. Генеральная пракуратура падазрае Атамбаева ў незаконным вызваленні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева, незаконным узбагачэнні і завалоданні маёмасцю, карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека і незаконных пастаўках вугалю. Па ўсіх гэтых пунктах распачатае дасудовае разбіральніцтва паводле артыкула 319 ( «Карупцыя») Крымінальнага кодэкса Кыргызстану. Сам Атамбаеў лічыць свой пераслед помстай цяперашняга прэзідэнта Кыргызстану Сааронбая Джэенбекава.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў