У Трасцянцы забівалі і немцы, і бальшавікі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/cZZHGLA-nGo”][vc_column_text]Гістарычную памяць дзяржавы пра гэтае месца цягам дзесяцігоддзяў сімвалізуе гарадская звалка.

У 75-ю гадавіну масавага расстрэлу НКУС савецкіх палітвязняў пад Менскам грамадскія актывісты наведалі месца злачынства – трасцянецкае ўрочышча Брагаўшчына. Менавіта тут у ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года забілі частку з больш як трох тысячаў ахвяраў сталінізму, астатніх – у недалёкім адсюль Чэрвені, тагачасным Ігумене.

«Калі мы гаворым пра расстрэлы даваенныя – так, гэта сумна. Але калі мы гаворым пра расстрэлы, калі вайна пачалася, калі не нацысты расстрэльвалі, а свае сваіх забівалі – вось гэта папросту невытлумачальнае! І таму гэта святое месца павінна быць для беларускага народу», – кажа Ігар Кузняцоў, гісторык з міжнароднага таварыства «Мемарыял».

Трасцянец куды больш вядомы праз нацысцкі лагер смерці, які зʼявіўся тут увосень 1941 года. Між тым пра тых савецкіх грамадзянаў, якіх расстрэльвалі тысячамі тут савецкія ж службісты, ані ў часы СССР, ані сёння ўлады згадваць не любяць. Вартасць гістарычнай памяці пра Трасцянец у афіцыйным разуменні ўжо каторае дзесяцігоддзе сімвалізуе тутэйшая гарадская звалка, куды і сёння звозяць смецце.

«Увесь час, калі мы ўшаноўваем тут памяць ці ўсталёўваем крыжы, побач працаўнікі КДБ або міліцыянты адсочваюць гэтую падзею. Гэтым разам усё адбылося спакойна, нармальна. Будзем спадзявацца, што крыж таксама будзе стаяць», – кажа Ганна Шапуцька з аргкамітэту таварыства «Вяртанне памяці».

Паводле Кузняцова, у Беларусі налічваецца 18 паселішчаў, у ваколіцах якіх НКВД здзяйсняла падобныя расстрэлы.

«Наколькі я ведаю, зноўку чыняць перашкоды адкрыццю мемарыялу ахвярам нацызму, таму што тут побач пахаванні савецкага часу. Гэта галоўная прычына, чаму пры наяўнасці сродкаў, справа з мемарыялам зноўку спынілася на мёртвай кропцы», – кажа Кузняцоў.

А вось ці зрушыць справа з ушанаваннем памяці ахвяраў сталінізму, напэўна, залежыць і ад таго, калі ж нарэшце памрэ прывід савецкай імперыі, які ўсцяж блукае па Беларусі.

Валер Руселік

Стужка навінаў