«У той дзень я зразумела, што вайна непазбежная»: відавочцы ўспамінаюць «рэферэндум пра самавызначэнне ЛДНР»

Фота

Marsz z okazji Dnia Flagi tzw. Donieckiej Republiki Ludowej, 25 października 2017 roku. Zdjęcie: Forum/REUTERS/Alexander Ermochenko

Пяць гадоў таму, 11 траўня 2014 года ў Данецкай, Луганскай абласцях Украіны і паўвостраве Крым адбыўся «рэферэндум» з пытаннем пра самавызначэнне «народных рэспублік» і жаданне ўступіць у склад Расеі. Напярэдадні такога «юбілею» «Белсат» пагаварыў з жыхарамі акупаваных тэрыторый і відавочцамі тых падзей.

Улад Ягельніцкі і цяпер жыве і працуе ў акупаваным Данецку, пашпарт ўкраінскі не памяняў, для чаго патрэбны расейскі, не вельмі разумее. Рэферэндум Уладу не запомніўся, кажа, што пасля яго была такая маса падзей, што дзень проста сцёрся з памяці.

Сустрэць трыкалор РФ у Марыўпалі ў 2014-м было лёгка. Юлія Гаркуша-Галко, belsat.eu

Каменданцкая гадзіна і чыстыя вуліцы

Улад – музыкант, фатограф, дызайнер. Жыццё для яго не асабліва змянілася. Запэўнівае, што і горад не асабліва змяніўся – у гэтым годзе адрамантавалі дарожнае пакрыццё цэнтральных праспектаў, на вуліцах чыста.

«Ну, і каменданцкая гадзіна вядома ж – складана пераацаніць мінусы. Літаральна нядаўна а 23:15, не дайшоў да хаты метраў 200, мяне тармазнуў дарожны патруль. Сказалі, што цяпер за мной прыедзе машына і паеду да раніцы сядзець чакаць. Праўда, досыць хутка адпусцілі. Сказалі, бяжы хутчэй дадому дварамі».

«Сілы правесці хоць бачнасць рэферэндуму не хапіла»

Тыя, хто з Данецка быў вымушаны бегчы, асабліва пабываўшы тыдзень-другі ў палоне, дзень рэферэндуму запомнілі выразна. У абласным цэнтры галасаванне праходзіла, у тым ліку, і ў школах: «у нас былі ўкраінскія скрынкі са сцягамі Украіны, спехам заклееныя новымі трыкалорамі», успамінае Аляксандр Галіцкі.

Бюлетэнь рэфэрэндуму «ДНР» 2014 го года

Мужчына не саромеецца ў выразах – яму і яго сям’і прыйшлося уцякаць з Данецка:

«Усё гэта на выглядала, як натоўп «юродзівых» пад правадырствам відавочна пераспелых «піянерважатых». Напрыклад, школа №5 Данецка. Выглядала, што там пабывала не больш за 500 чалавек, але яны тоўпіліся цэлы дзень, старанна паказваючы натоўп. Гуляла нейкая пераможная музыка ад «саўковых рэліктаў», раздавалі «каларадскія» стужачкі. І калі адны былі відавочна не ў сабе, то «піянерважатыя» пільна сачылі за «волевыяўленнем» і шчодра частавалі натоўп байкамі «пра раскрыжаваных хлопчыкаў».

А вось школа № 33 рэферэндум не праводзіла – «оркі» разбілі таблічку школы, выбілі дзверы, напалохалі вартаўніцу да паўсмерці. Сіла правесці хоць бачнасць рэферэндуму відавочна не хапіла.

Яны там кружлялі да паўдня, а калі натоўп апынуўся не «галасавальшчыкамі», а бацькамі навучэнцаў, якім стала цікава, «якая сволач ламае намі адрамантаваную школу?», і якія апазналі ў «вызваліцелях» былых сваіх аднакласнікаў… Увогуле, пасля кароткай сваркі «вызваліцелі» зразумелі, што цяпер іх палкі-стралялкі пойдуць супраць іх, і спешна рэтыраваліся. Вось там быў натоўп пад 1000 чалавек».

Настроі падаграваліся мітынгамі, сакавік 2014 года. Фота – Юлія Гаркуша-Галко, belsat.eu

Рэйтынг недарэчнасцяў

Марыупальцы таксама хадзілі паглядзець на дзейства рэферэндуму, і складалі свой рэйтынг недарэчнасцяў пры галасаванні.

«Першае месца падзялілі два маіх знаёмых. Адзін прагаласаваў ад сябе чатыры разы, а другі прагаласаваў за сваякоў, якім патэлефанаваў і ўключыў гучную сувязь», – распавядае Аляксандр Сасноўскі, відавочца рэферэндуму ў Марыупалі.

Гарыць Гарадскі Савет, Марыупаль, 9 траўня 2014. Фота – Юлія Гаркуша-Галко, belsat.eu

Рэферэндум – як форма дэмакратыі заўсёды актуальны, але тое, што адбывалася ў 2014-ым, рэферэндумам не назавеш, кажа Міхаіл Лебедзь, эксперт па пытаннях свабоды сходаў ва Украіне. Ён бываў у акупаваным Луганску, Данецку і ​​Крыме ў 2014 годзе. Ніякіх пацверджанняў таму, што падлік вынікаў наогул вёўся, не існуе, а праціўнікаў аддзялення ўкраінскіх тэрыторый пераследавалі, катавалі і забівалі.

«Гэта значыць легітымізацыя расейскай акупацыі, на самай справе, з’яўляецца прыкладам дыктатуры прарасейскай меншасці, якую ўсяго толькі замаскіравалі пад волю большасці жыхароў акупаваных тэрыторый», – кажа праваабаронца.

Жахлівы перформанс

Як распавядаюць відавочцы, наведвальнікаў на імправізаваных участках у цэлым было не так шмат, а чэргі ўтвараліся рознымі спосабамі, і з адной мэтай – зрабіць карцінку для расейскіх СМІ.

«Чарга стаяла як у Маўзалей. З боку гэта быў жахлівы перформанс – многія былі апранутыя так, быццам сабраліся ў тэатр. Астатняя публіка выглядала ашалела – п’яныя, у бруднай вопратцы», – распавядае Аляксей Чугуеў, сведка падзей 2014 года.

Ні пра якую канфідэнцыяльнасць гаворкі не ішло – кабінак не было, бланкі раздаваліся па 15 штук у адны рукі, іх дадрукоўвалі на капіявальных апаратах. Кардонныя скрынкі з надпісамі «сметанковае масла», залепленыя скотчам, – замест скрыняў для галасавання.

Марыупаль, 2014 года. Фота – Юлія Гаркуша-Галко, belsat.eu

Якая вайна? Не прыдумвай!

У тыя дні многія марыупальцы пакуль толькі думалі пра зброю, але ўжо рыхтаваліся да вайны. Выбіралі ваенную прафесію, звальняліся з мірнай працы, перакваліфікаваліся ў снайпераў, дэсантнікаў, артылерыстаў.

Сляды ад стрэлаў, травень 2014 года, Марыупаль. Фота – Юлія Гаркуша-Галко, belsat.eu

У размовах на вуліцах можна было пачуць: «Ды ты проста ваяўнічы! Якая вайна ?! Кідай ты гэтыя свае настроі, гэтага ж проста не можа быць, дурнота якая».

«Гэта было быццам у кіно пра зомбі апакаліпсіс. Рэальна страшна. Менавіта ў той дзень я зразумела, што вайна непазбежная», – успамінае Валерыя Волкава, сведка рэферэндуму 2014.

Чытайце па тэме:

5 гадоў таму Расея правяла «рэферэндум» і анексавала Крым

Юлія Гаркуша-Галко/АА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары