У Тбілісі аднавіліся пратэсты: людзі патрабуюць адстаўкі кіраўніка МУС


Арганізатары маштабнай акцыі супраць паліцэйскіх рэйдаў у начных клубах у Тбілісі сёння а 15-й гадзіне аднавілі пратэсты каля будынку парламенту ў Тбілісі.

Ініцыятары пратэстаў – грамадскі рух «Белы шум», які сярод іншага, змагаецца за легалізацыю легкіх наркотыкаў – распачаў новую акцыю з ускладання кветак да мемарыялу ахвярам разгону антысавецкіх пратэстаў 9 красавіка 1989 года.

Апаненты «Белага шуму» праводзяць сваю акцыю каля парламенту – два бакі падзяляе кардон паліцыі.

Арганізатары пратэстаў сёння звярнуліся да прэм’ер-міністра Грузіі Георгія Квірікашвілі, заклікаў яго выступіць з публічнай заяваю.

«Інакш нашае патрабаванне адстаўкі Георгія Квірікашвілі застаецца легітымным. Таму што мы не бачым, ці ёсць наогул у нас прэмʼер-міністр або не», – заявіў лідар руху «Белы шум» Бека Цыкарышвілі. Таксама пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі кіраўніка МУС Грузіі Георгія Гахарыо і рэформе дзяржаўнай палітыкі ў сферы наркотыкаў, піша newsgeorgia.ge.

Нагадаем, што ў ноч на 12 траўня паліцыя зладзіла антынаркатычны рэйд у трох начных клубах Тбілісі. Падчас рэйду былі арыштаваныя 8 чалавек, якіх праваахоўнікі вінавацяць у продажы наркотыкаў. Акрамя таго, паліцыя затрымала каля 70 звычайных наведнікаў клубаў – нібыта за хуліганства і непадпарадкаванне праваахоўнікам. Затрыманыя абвінавацілі сілавікоў у перавышэнні сілы. Гэта выклікала абурэнне грузінскай моладзі, у другой палове дня 12 траўня каля будынку грузінскага парламента было ўжо некалькі тысячаў пратэстоўцаў. Фактычна цэнтр Тбілісі быў паралізаваны.

Бліжэй да абеду людзі на плошчы разышліся, але лідары «Белага шуму» паабяцалі аднавіць пратэсты а 15-й у нядзелю.

„თეთრი ხმაურის მოძრაობის“ ორგანიზებით პარლამენტთან აქცია განახლდა

Opublikowany przez პირველი არხი Niedziela, 13 maja 2018

Экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі заявіў, што рэйды паліцыі па начных клубах не маюць нічога агульнага з барацьбой з наркотыкамі – гэта была «акцыя запалохвання».

Праваахоўныя органы ў сваю чаргу сцвярджаюць, што падчас рэйдаў дзейнічалі ў межах закону.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў