У Тайландзе Насту Рыбку абвінавацілі ў згвалтаванні, – СМІ


Паліцыя Тайланда прыняла заяву ад пацярпелых, якія абвінавачваюць Насту Вашукевіч (Насцю Рыбку), Аляксандра Кірылава (Алекса Леслі) і яшчэ восем чалавек, арыштаваных за правядзенне нелегальнага «сэкс-трэнінгу», у згвалтаванні і арганізацыі прастытуцыі.

Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на ананімную крыніцу. Хто менавіта падаў заяву – не ўдакладняецца.

«Як я зразумеў, асноўныя абвінавачванні ў заяве высунуты супраць аднаго з арыштаваных за сэкс-трэнінг, а астатнія абвінавачваюцца як саўдзельнікі», – дадаў суразмоўца агенцтва.

Раней паведамлялася, што Насту Рыбку павінны дэпартаваць з Тайланду, але ў сувязі з заяваю аб згвалтаванні дзяўчына павінна застацца ў Патаі, бо ў дачыненні да яе можа быць распачатая крымінальная справа.

Нагадаем, Наста Вашукевіч з Бабруйску стала шырока вядомай пасля таго як 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам Сяргею Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

26 лютага дзесяцёх замежнікаў (у тым ліку Насту Рыбку), якія праводзілі незаконныя секс-трэнінгі, затрымалі ў Патаі. Арганізатарам курсаў з’яўляецца Аляксандр Кірылаў з Віцебску (больш вядомы як Алекс Леслі). За парушэнне мясцовага заканадаўства затрыманых чакае суд і дэпартацыя.

Пасля затрымання Наста Рыбка паспела выкласці у сваім Інстаграме запіс, дзе звярнулася да СМІ ЗША: яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх дэпутатаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам. «Я вельмі шмат ведаю. Калі вы знойдзеце мяне ў тайскай турме яшчэ жывою, то я з задавальненнем з вамі пагутару», – заявіла Рыбка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў