У Светлагорску дамагаюцца стварэння безбар'ернага асяроддзя


Падчас круглага стала з удзелам чыноўнікаў высветлілася, што ўлады за год выканалі толькі чвэрць сваіх абяцанняў па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя.

Круглы стол у Светлагорску адбыўся 13 снежня з ініцыятывы Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел таксама чыноўнікі і праваабаронцы. Асноўнаю мэтаю круглага стала было даведацца ад уладаў, як выконваюцца абяцанні па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя ў Светлагорску, якія чыноўнікі агучылі на папярэдняй сустрэчы ў 2015 годзе.

Актывісты асацыяцыі інвалідаў прадставілі вынікі маніторынгу даступнасці гарадскога асяроддзя для інвалідаў-вазочнікаў. Аказалася, што абяцанні ўладаў па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя выкананыя ўсяго на чвэрць. У Светлагорску актывістаў найбольш непакоіць сітуацыя ў Восьмым мікрараёне. Нягледзячы на тое, што раён зараз актыўна будуецца, падчас яго праверкі было выяўлена мноства неадпаведнасцяў сацыяльным стандартам: гэтак бардзюры месцамі даходзяць да 22 см у вышыню, пандусы зроблены пад вялікім вуглом, а падземныя пераходы не прыстасаваныя для карыстання вазочнікамі.

Таксама ўздымаліся пытанні даступнасці ўстановаў медыцыны і адукацыі, транспарту, вулічна-дарожнай сеткі, жылля, месцаў грамадскага карыстання, спорту і культуры для людзей з інваліднасцю.

Чыноўнікі абяцалі адрэагаваць на заўвагі, а намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкаму Канстанцін Пятроўскі ўзяў пад асабісты кантроль шэраг задачаў, якія агучваліся на сустрэчы.

ВД, паводле spring96.org

Стужка навінаў