У светлагорскім аўтапарку вычэрпваюць ваду з агляднай ямы з электраправодкай напругаю 380 В


Відэа таго, як працаўнік Аўтобуснага парку № 5 «Гомельаблаўтатрансу» вядром вычэрпвае ваду з агляднай ямы, у якой стаіць, з’явілася на «YouTube’е».

Аўтар відэа піша, што гэта не «фільм жахаў, а звычайны працоўны дзень».

«І пакуль кагосьці ў рамонтнай зоне токам не забʼе, нічога не зменіцца. Стабільнасць жа», – рэзюмуе аўтар здымкаў.

Блогер адзначае, што дах не могуць направіць ужо цягам сямі гадоў.

«Пакуль дырэктар і галоўны эканаміст (дарэчы, гэтая парачка – муж і жонка, абое родам з суседняга райцэнтру Акцябрскі, як і галоўны інжынер парку) марнуюць грошы на прыгожы фасад з вокнамі ПВХ… Цячэ і яшчэ столькі ж цячы будзе… Бо дырэктар парку да ўсяго – яшчэ і мясцовы дэпутат».

Belsat.eu спрабуе звязацца з кіраўніцтвам аўтобуснага парку і высветліць акалічнасці сітуацыі, аднак пакуль дырэктар прадпрыемства Аляксандр Казакоў не адказвае на тэлефанаванні.

Затое ўдалося атрымаць каментар у «Гомельаблаўтатрансу», да якога належыць светлагорскі аўтапарк.

«Я бачыў гэтае відэа. Што каментаваць? Праходзіць капітальны рамонт даху. Былі залевы, увесь горад плаваў. Усё ж адключаецца, захадаў бяспекі строга прытрымліваемся», – распавёў belsat.eu намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і кадрах «Гомельаблаўтатрансу» Алег Цылько.

Чаму дах не маглі направіць цягам сямі гадоў, ён патлумачыць не змог, сувязь абарвалася.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў