«Такой трагедыі мы не можам дапусціць у сябе». У сувязі з паздзеямі ў Кемерава ў Беларусі пачаліся праверкі ГЦ

ВІДЭА

Фота - Realt.by

Аляксандр Лукашэнка даручыў МНС правесці праверку ўсіх гандлёвых цэнтраў у Беларусі. Сёння днём ужо была праведзена вучэбная эвакуацыя з ГЦ «Галерэя» ў Менску.

У ходзе эвакуацыі правяраліся працаздольнасць сістэм абвесткі, а таксама дзеянні персаналу аб’екта.

«Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне МНС распрацаваць комплексны план і да канца месяца арганізаваць праверкі падобных абʼектаў. Сёння мы паставілі задачы кіраўнікам падраздзяленняў на месцах – ва ўсе вобласці будуць накіраваныя працаўнікі міністэрства для арганізацыі гэтай працы. Мы паставілі ў вядомасць Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі, старшыню Дзяржкантролю, старшынію камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, таксама дадзеная інфармацыя даведзеная да ўсіх старшыняў аблвыканкамаў», – паведаміў БелТА міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка.

Лукашэнка загадаў праверыць ГЦ у Беларусі пасля жудаснай трагедыі ў расейскім горадзе Кемерава. Пажар у Кемераўскай гандлёвым цэнтры адбыўся днём 25 сакавіка. Паводле апошніх звестак, загінулі 64 чалавекі, яшчэ 12 знаходзяцца ў шпіталях. Шасцёра прапалі без вестак.

Пажар узнік на чацвёртым, апошнім, паверсе гандлёвага цэнтру. Пажарная сігналізацыя не спрацавала, таму супрацоўнікам гандлёвага цэнтру прыйшлося самім апавяшчаць наведвальнікаў аб здарэнні. У выніку некаторыя апынуліся адрэзаныя ад выхадаў, ім давялося выкідвацца з вокнаў.

«Я прасіў бы і рэкамендаваў усім уладальнікам (гандлёвых цэнтраў) не чакаць прыходу ратавальнікаў, а ўжо сёння стварыць бяспечныя ўмовы. Трэба падысці сур’ёзна, без разгойдванняў, бо такой трагедыі мы не можам дапусціць у сябе. Нашым кіраўнікам паставілі задачу прымаць вычарпальныя меры па ліквідацыі парушэнняў, а там, дзе яны ствараюць пагрозу, прымаць меры па забароне эксплуатацыі абʼектаў да прывядзення ў належны стан. Сёння мы не можам дапусціць, каб праз чыюсьці безадказнасць, халатнасць, а часам і прагнасць здаралася такое», – цытуе міністра Вашчанку TUT.by.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары