У сувязі са складанасцямі прызыву. Самотнага бацьку забралі ў войска


Напярэдадні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні ўхвалілі новы закон аб адтэрмінаванні прызыву, і, найхутчэй, восеньскі прызыў пройдзе паводле новых правілаў. Belsat.eu паразмаўляў з мужчынам, які ўжо сутыкнуўся з новым падыходам. За чатыры дні да 27-годдзя Алега забралі ў войска, не спыніў ваенкамату нават той факт, што малады мужчына сам выхоўвае дзіця.

Алег разжаніўся, калі сыну быў год. Па рашэнні суда дзіцё засталося з ім. Былая жонка не часта прыходзіла да сына, а з часам зусім перастала з’яўляцца. Праблемы з прызывам у Алега не было: здавалася, калі выхоўваеш дзіця адзін, у войска дакладна не забяруць.

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб адтэрміноўцы прызыву

Пры праходжанні прызыўной камісіі пачаліся цяжкасці: у Фрунзенскім ваенкамаце доўгі час не маглі адназначна адказаць на пытанне, ці трэба ісці ў войска. Пасля, паводле Алега, сказалі, што служыць ён не павінен. За два дні да канца прызыву сітуацыя змянілася:

«Яны мне месяц таму казалі, што ў мяне адтэрмінаванне, а ўчора завабілі паперы зверыць. Заявілі, што заяўленых мною дакументаў недастаткова для адтэрміноўкі і ўручылі позву».

За чатыры дні да 27-годдзя Алега забралі ў войска. Фота belsat.eu

У тое, што адбываецца, асабліва не верылася. Першапачаткова Алега хацелі адправіць у войска на поўны тэрмін. У такім выпадку дзіця год заставалася б пад апекаю бабулі:

«Я дзве гадзіны лаяўся з камісарам, у выніку ўсё роўна павезлі ў частку. Уласнаю машынаю ў той жа дзень адвезлі. Хацелі забраць на тэрміновую службу, але, паводле камісіі, Міністэрства абароны і камісар пайшлі мне насустрач, так што трапіў у рэзерв».

«Раптам ён у змову з жонкай уступіў»

Паводле арт. 32 Закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», адтэрмінаванне ад прызыву паводле сямейных абставінаў надаецца бацьку дзіцяці, якое выхоўваецца без маці. Аднак проста разжэнства і рашэння суда недастаткова, неабходна, каб маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Адзін з прадстаўнікоў прызыўной камісіі Фрунзенскага раёну ў неафіцыйнай гутарцы сказаў:

«Мы не ведаем, раптам ён у змову з жонкай уступіў, і яны адмыслова развяліся, каб ён ад войска адкасіў. І наагул яму вельмі пашанцавала, што ў рэзерве месца знайшлося, мог бы і на тэрміновую паехаць. Мы пайшлі яму на саступкі».

Падобны адказ атрымала і маці Алега на сайце Міністэрства абароны.

Пазіцыя кіраўніка краіны і грамадскасці

Нагадаем, што ў сувязі са складанасцямі з прызывам, яшчэ 26 лютага Лукашэнка казаў пра неабходнасць зменаў у законе: «Цягам шэрагу гадоў для прызыўнікоў уводзіліся розныя адтэрмінаванні, і сёння ў нас іх больш, чымся ў любой іншай дзяржаве, асабліва ў суседніх краінах».

Пад петыцыяй супраць праекту Закону «Аб змяненні законаў у пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы» падпісалася больш за 10 000 чалавек.

СТ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары