У судзе распачалі разглядаць справу былога памочніка Лукашэнкі


Былога памочніка кіраўніка краіны па Гарадзеншчыне Сяргея Раўнейку затрымалі год таму. Як паведамлялі ў КДБ, арыштавалі чыноўніка за вымагальніцтва і падчас атрымання хабару ў памеры 200 тысячаў долараў. Хто менавіта перадаваў хабар і за якія менавіта «паслугі», сілавікі не паведамляюць, піша TUT.BY.

Справа Раўнейка засакрэчаная, бо ў матэрыялах утрымліваюцца дзяржаўныя сакрэты. Вярхоўны суд адмовіўся нават назваць нават дату пачатку працэсу.

На наступны дзень пасля затрымання прэс-служба КДБ адзначала, што ў поле зроку сілавікоў Сяргей Раўнейка трапіў у 2016 годзе. Паступала інфармацыя, што ён бярэ хабар за вырашэнне пытанняў, на якія можа паўплываць. Паколькі Раўнейка ўваходзіць у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, дазвол на аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, у тым ліку праслухоўванне і назіранне, павінен быў даваць асабіста Аляксандр Лукашэнка.

«Раўнейка падазраецца ў вымагальніцтве і атрыманні хабараў ад прадстаўнікоў бізнесу і камерцыйных структураў за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа паводле ч.3 арт. 430 КК, якая прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў. Раўнейка змешчаны ў СІЗА КДБ», – цытавала АНТ афіцыйнага прадстаўніка КДБ Андрэя Яраша на наступны дзень пасля затрымання экс-чыноўніка.

Раўнейка прызнаўся ў атрыманні хабару, а таксама прызнаўся ў злачынствах па іншых фактах сваёй супрацьпраўнай дзейнасці, задакументаваных раней.

А вось як пракаментаваў затрыманне свайго памочніка Аляксандр Лукашэнка:

«Перш за ўсё, спрацавалі дэкларацыі пра прыбыткі. Калі вывучэнне ішло кадравае, я задаў пытанне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі, кватэры. Не можа звычайны чыноўнік і яго сям’я так жыць. Гэта ўжо нахабнік вышэйшай ступені. Падчас перадачы гэтых грошай яго затрымалі з грашыма ў руках. Аперацыя рыхтавалася, яна была санкцыянаваная мною. Я папярэджваў: даравання не будзе нікому. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва тым, хто памочнік прэзідэнта. Тыя, хто побач, адкажуць больш, чым хто-небудзь», – сказаў Лукашэнка.

На пасадзе памочніка прэзідэнта па Гарадзеншчыне Сяргей Раўнейка прабыў амаль тры гады – з чэрвеня 2015 года, а ўжо ў 2016-м, паводле КДБ, пачаў вымагаць і атрымліваць хабар. Раней экс-чыноўнік працаваў у Камітэце дзяржкантролю, да затрымання таксама ўзначальваў Гарадзенскае аддзяленне федэрацыі бокса. Сяргею Раўнейка – 50 гадоў, юбілей ён сустрэў ужо ў СІЗА КДБ. У яго двое дарослых дзяцей, сын жыве ў Менску, дачка ў Берасці.

Hавiны
NEXTA: за хабар затрыманы капітан са Следчага камітэту
2019.05.25 14:27

СК belsat.eu

Стужка навінаў