У суботу бензін падаражэе, а салярка – патаннее


14 красавіка ў Беларусі на адну капейку павялічваюцца кошты на аўтамабільны бензін і зніжаюцца на 1 капейку кошты на дызельнае паліва.

Паводле афіцыйнае заявы Дзяржаўнага канцэрну па нафце і хіміі, кошт 1 літра АІ-92 складзе Br 1,27, АІ-95 – Br 1,35, АІ-98 – Br 1,56. Дызель будзе каштаваць Br 1,36 за літр.

Сёлета гэта ўжо сёмае павелічэнне коштаў на бензін, папярэдняе адбылося 4 красавіка. Раней цэны таксама вырасталі на адну або дзве капейкі.

Белнафтахім: Бензін павінен каштаваць на 23 % больш

Пакуль беларускае паліва – самае таннае ў нашым рэгіёне – не толькі ў Польшчы ці Літве, а нават ува Украіне і Расеі.

«Белнафтахім» тлумачыць павелічэнне коштаў жаданнем зраўняць цэны на паліва прынамсі з расейскімі.

«Павелічэнне кошту сыравіны непазбежна прыводзіць да павелічэння цаны гатовага прадукту, – сказаў Рыбакоў. – Для кампенсацыі стратаў НПЗ ад росту каціровак нафты цэны на нафтапрадукты неабходна павялічыць на 23 %», – казаў намеснік старшыні канцэрну Андрэй Рыбакоў на пачатку года.

Бензін у Беларусі даражэе нават калі ў свеце таннее нафта

Логіка ўтварэння коштаў на бензін у Беларусі – вельмі простая і залежыць ад коштаў на нафту. Калі нафта даражэе – кошты на бензін прыходзіцца павышаць, каб кампенсаваць дадатковыя выдаткі нафтаперапрацоўчых заводаў на імпарце. Калі ж нафта таннее… то кошты на бензін усё роўна прыходзіцца падымаць – каб кампенсаваць падзенне прыбыткаў НПЗ на экспарце.

ДД

Стужка навінаў