У Стаўбцоўскім раёне колькасць хворых з пнеўманіяй не змяншаецца. Лекары заклікаюць адкласці ўсе грамадскія справы


Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

У Стаўбцоўскім раёне застаецца складанай эпідэміялагічная сітуацыя. Пра гэта раённаму выданню «Прамень» паведаміла галоўная доктарка цэнтральнай раённай больніцы Святлана Глебка.

Лекарка адзначыла, што ў Стоўбцах на базе раённай больніцы адкрыты шпіталь на 134 месцы. Практычна ўсе аддзяленні перапрафіляваныя для лячэння каронавіруснай інфекцыі.

«Колькасць хворых з пнеўманіяй не змяншаецца. Таму прашу ад жыхароў раёну строга выконваць рэжым самаізаляцыі. На гэты час неабходна адкласці ўсе справы, якія павядуць вас у соцыум», – заявіла яна.

Святлана Глебка заклікала адмовіцца ад сяброўсіх сустрэчаў, паціскання рук, абдымкаў. Таксама трэба мыць рукі, насіць маскі ды пальчаткі ў грамадскіх месцах, захоўваць дыстанцыю адно ад аднаго.

«Мы ўсе павінны зразумець, што безадказнасць аднаго чалавека можа стаць прычынай для распаўсюджання інфекцыі», – сказала доктарка.

Паводле яе, хворых з пнеўманіямі ды каронавірусам зараз шпіталізуюць у іншыя раёны.

Рэпартаж
Валанцёры, якія дапамагаюць медыкам у Докшыцах: «Нашую сітуацыю ў іншых краінах расцанілі б як надзвычайнае здарэнне»
2020.04.14 18:05

Нагадаем, што колькасць ахвяраў каронавірусу ў Беларусі павялічылася да 47. 86 чалавек у цяжкім стане.

Вырасла колькасць асобаў, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні. Паводле Мінаховы здароўя, па стане на 19 красавіка ў шпіталях 3538 чалавек (18 красавіка паведамлялася пра 3282 чалавекі). Астатнія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні, або выпісаныя пасля праходжання лячэння. Але іх колькасць медыкі не агучваюць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў