У Старых Дарогах звальняюць жанчыну, якая выйшла на страйк


Старыя Дарогі.
Фота: radzima.org

Жыхарка Старых Дарогаў, што на Меншчыне, у панядзелак выйшла на страйк. І з заўтрашняга дня яна беспрацоўная.

26 кастрычніка галоўная бухгалтарка ДРСУ-211 Алена Жлобіч была адзінай працаўніцай прадпрыемства, хто далучыўся да агульнанацыяльнай забастоўкі. Неўзабаве пасля гэтага яе затрымала міліцыя.

Сёння ў яе апошні працоўны дзень, жанчына перадае справы. Афіцыйная прычына звальнення – «паводле згоды бакоў». Неафіцыйна ж яе вінавацяць у тым, што «выступіла тут, цырк учыніла», заявіла Алена Жлобіч у каментары belsat.eu.

«Кажуць, хочаш – дамо тры вымовы, пойдзеш па артыкуле», – распавяла галоўная бухгалтарка.

Астатнія працоўныя, паводле яе, «спачуваюць і ўсё».

Падчас акцыі жанчыну затрымалі. 28 кастрычніка адбыўся суд, па выніках якога яе аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Заплаціць трэба да 26 лістапада. Некаторы час пратэстоўка правяла ў старадарожскім ІЧУ. Там яна пацвердзіла распіскаю, што больш не будзе браць удзелу ў акцыях разумее, што іначай яе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Начальства адмаўляе «палітыку»

Кіраўнік ДРСУ-211, дзе працавала жанчына, Ігар Радзькоўскі заявіў, што забастоўка не мае дачынення да звальнення. Паводле яго, ёй яшчэ ў пятніцу, 23 кастрычніка, паведамілі, што не «спрацуюцца» з ёю праз яе неналежныя прафесійныя якасці.

«Відаць, на знак помсты за гэта Алена Віктараўна пастанавіла ўчыніць забастоўку», – заявіў Радзькоўскі.

Саму акцыю ён каментаваць адмовіўся, дадаўшы, што «ў кожнага з нас сваё меркаванне».

Ігар Радзькоўскі падкрэсліў, што падчас страйку на прадпрыемстве Алены Жлобіч ніхто не кранаў. Хто выклікаў супраць яе міліцыю, ён не ведае.

Што будзе далей

«У Старых Дарогах мне адназначна не будзе працы. Мне проста так у міліцыі і сказалі», – заявіла Алена Жлобіч.

Наконт далейшага працаўладкавання трэба будзе думаць, падкрэсліла яна.

Hавiны
Лукашэнка загадаў адлічыць пратэстуючых студэнтаў: «Адпраўце іх, як я і казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу»
2020.10.27 15:52

Нагадаем, што 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, каментуючы заклікі да агульнанацыяльнай забастоўкі, заявіў: «Нікога не трэба ўгаворваць – ні рабочых, ні студэнтаў, ні лекараў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужбоўцаў. Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца». Пасля гэтага па розных прадпрыемствах і ВНУ пракацілася хваля звальненняў тых, хто браў удзел у пратэстах ці забастоўках.

МГ belsat.eu

 

Стужка навінаў