У Старых Дарогах жанчыну выпісалі са шпіталю, а праз два дні яна памерла ад каронавірусу


8 чэрвеня жыхарка Старых Дарог Зоя К., якой было 60 гадоў, памерла ад каронавірусу. За два дні да таго яе выпісалі са шпіталю, дзе лекавалі ад пнеўманіі. Пра гэта піша TUT.by

Зоя К. разам з мужам жыла ў прыватным доме ў Старых Дарогах. Іхная дачка Алена распавядае, што мама была на пенсіі, тата працуе дальнабойнікам. У канцы красавіка ён вярнуўся з камандзіроўкі і быў на абавязковым каранціне дома.

У пачатку траўня ў яго паднялася тэмпература, і яму зрабілі тэст на каронавірус, і толькі 16 траўня, па словах дачкі, прыйшоў вынік – станоўчы. У гэты ж дзень тэст зрабілі і маме – кантакту першага ўзроўню. Яшчэ да 16 траўня ў жанчыны некалькі дзён была падвышаная тэмпература, але, па словах дачкі, яна не згаджалася звяртацца да медыкаў. 18 траўня хуткая забрала яе ў шпіталь, у інфекцыйнае аддзяленне. Вынік тэсту родным не паведамлялі.

Hавiны
У Лёзне памерла 49-гадовая працаўніца дома культуры. Сваякі лічаць, што ў яе быў каронавірус
2020.05.12 10:26

24 траўня, кажа дачка, у Зоі пачаліся болі ў спіне, яна не магла хадзіць, а лекі амаль не дапамагалі. Ёй зрабілі рэнтгенаўскі здымак.

«Рэнтген грудной клеткі паталогіяў не паказаў, і 29 траўня яе з інфекцыйнага аддзялення перавялі ў тэрапеўтычнае. Я прасіла медыкаў перавесці маму ў іншы горад, таму што ёй не станавілася лепш, але лекары не бачылі ў гэтым сэнсу, бо па здымку лёгкія былі чыстыя, лічылася, што пнеўманіі няма, а болі ў пазваночніку ёй ужо лячылі ў тэрапеўтычным аддзяленні», – тлумачыць дачка.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

6 чэрвеня жанчыну выпісалі са шпіталю і сказалі 14 дзён пасядзець на самаізаляцыі. Пазней, калі дачка адвезла маці ў Менскую абласную больніцу, на здымку ўсё ж пацвердзілася пнеўманія. Яе паклалі ў абласны тубдыспансэр і падключылі да кіслароднай падтрымкі.

«А ў панядзелак, 8 чэрвеня, з раніцы яна са мной яшчэ больш-менш размаўляла, а ў 14.20 нам сказалі, што мама памерла», – узгадвае Алена.

У пасведчанні аб смерці Зоі К. паказана, што яна памерла ад каронавірусу. Калі сваякі забралі са Старадарожскай больніцы ейны эпікрыз, высветлілася, што ў яе ўсё ж быў каронавірус. Але пры выпісцы ніхто ім пра гэта не казаў.

«Я не разумею, як яе ў такім стане маглі выпісаць? Яе выпісалі дадому – і ўсё. Ёй не давалі нікуды напрамкаў, нікуды не адправілі, ні КТ не зрабілі – нічога», – кажа дачка.

Сям’я накіравала скаргу ў Мінздароўя і ў Генеральную пракуратуру. У больніцы ў Старых Дарогах журналістам адмовіліся пракаментаваць сітуацыю.

Hавiны
«Гэта па ТБ кажуць, што ўсяго 200 памерла. Смела можна дадаваць 0». Як перажывае каронавірус гомельская туббольніца
2020.06.02 15:23

КА belsat.eu

Стужка навінаў