У старшыні КДК няма прэтэнзіяў да ложка мастака Цэслера


Леанід Анфімаў і Уладзімір Цэслер.
Фота: kdk.gov.by
Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю паабяцаў вырашыць пытанні аб наданні грамадскім аб’яднанням ільготаў у арэнднай плаце. Пра гэта паведамілі ў ведамстве.

23 студзеня старшыня КДК Леанід Анфімаў наведаў майстэрню мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера. Чыноўнік адзначыў, што ў правяраючых няма прэтэнзіяў да выкарыстання майстэрні.

«Тое, што ў памяшканні маецца ложак, абсталяваная кухня, – гэта нармальна. Я не бачу тут праблемы: мастак павінен тварыць і мець магчымасць адпачыць», – адзначыў у кіраўнік КДК.

Hавiны
Ці давядуць праверкі КДК да банкруцтва дызайнераў? У справу ўжо ўмяшаўся Мінкульт
2020.01.23 07:00

Паводле яго, пытанне надання льгот па арэнднай плаце грамадскім абʼяднанням патрабуе дадатковага вывучэння ў кожным канкрэтным выпадку. Адносна выкарыстання майстэрняў неабходна ліквідаваць розначытанні з нагоды таго, што лічыць творчым працэсам, а што – камерцыйнай дзейнасцю, бо сёння гэтыя пытанні не адрэгуляваныя, заявіў Анфімаў.

Кіраўнік КДК адзначыў, што ведамства распрацоўвае прапановы для ўрэгулявання сітуацыі і пры неабходнасці карэктавання заканадаўства.

Нагадаем, што ў выніку маніторынгу дзейнасці майстэрняў творчых саюзаў шэрагу майстроў былі выстаўленыя павышаныя стаўкі арэнды, бо іх звінавацілі ў прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці, прэтэнзіі ўзніклі і да факту наяўнасці ў майстэрні Уладзіміра Цэслера ложка.

На 24 студзеня запланаваная сустрэча ў Міністэрстве культуры, куды запрошаныя кіраўнікі творчых саюзаў.

Сам старшыня КДК Леанід Анфімаў раней быў датычны да стварэння Беларускага саюзу дызайнераў. У 1989-1991 гадах ён узначальваў творча-вытворчае абʼяднанне «Дызайн».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў