У Стамбуле знайшлі мёртвым заснавальніка «Белых касак»


Былы брытанскі вайсковец, заснавальнік сірыйскай няўрадавай арганізацыі «Белыя каскі» Джэймс Ле Мэзюр’е 11 лістапада быў знойдзены мёртвым каля свайго дому ў Стамбуле, паведамляе golos-ameriki.ru.

Паводле турэцкіх СМІ, Ле Мэзюр’е быў знойдзены са шматлікімі пераломамі. Па факце ягонай смерці распачатае расследаванне.

Ле Мэзюр’е заснаваў арганізацыю Mayday Rescue, якая трэніравала чальцоў «Белых касак» (афіцыйная назва – Сірыйская грамадзянская абарона). Арганізацыя займаецца выратаваннем параненых пасля авіяўдараў у раёнах Сірыі, якія кантралююцца апазіцыяй. Мяркуецца, што за час канфлікту валанцёры выратавалі дзясяткі тысяч жыццяў.

У 2016 годзе Ле Мэзюр’е быў узнагароджаны Ордэнам Брытанскай імперыі. У 2016 годзе «Белыя каскі» атрымалі прэмію «За правільны лад жыцця» за надзвычайную смеласць, спачуванне і гуманітарнае ўдзел у выратаванні цывільнага насельніцтва. У тым жа годзе арганізацыя была намінаваная на Нобэлеўскую прэмію міру.

Той факт, што стваральнікам «Белых касак» стаў брытанскі вайсковец, а фінансуюцца яны ўрадамі Брытаніі, Даніі, Нідэрландаў і Германіі, а таксама амерыканскай USAID, для некаторых апанентаў здаецца дастатковай падставай, каб абвінаваціць арганізацыю ў працы на Захад. Аднак самі «Белыя каскі» настойваюць на сваёй палітычнай нейтральнасці.

Сірыйскі ўрад Башара аль-Асада і ягоныя саюзнікі Расея і Іран абвінавачвалі «Белыя каскі» ў садзейнічанні тэрарыстычным арганізацыям, адзначае Бі-Бі-Сі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў