У Чылі 75 тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту. Зноў адбыліся падпалы і акты марадзёрства


Каля 75 тысяч чылійцаў, незадаволеных палітыкай уладаў, выйшлі на вуліцы Сантʼяга 8 лістапада з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта. Пра гэта паведамляе DW.

Падчас акцыі ў адным з найбуйнейшых гарадоў Паўднёвай Амерыкі зноў былі зафіксаваныя падпалы і акты марадзёрства. Невядомыя вынеслі з адной з цэркваў статуі, іконы і мэблю, а затым падпалілі іх. Акрамя таго, ад агню вандалаў пацярпеў будынак адміністратыўнага корпуса прыватнага ўніверсітэту імя Педра дэ Валдавія. Дэманстранты заблакавалі вуліцы каля гандлёвага цэнтру, закрытага ўжо два тыдні праз пратэсты.

Пратэсты ў Чылі распачаліся ў сярэдзіне кастрычніка. Нагодай стала павышэнне коштаў на праезд у грамадскім транспарце, а прычынай – незадаволенасць эканамічным і сацыяльнай няроўнасцю. Акцыі хутка распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. 25 кастрычніка на пратэсты ў некалькіх гарадах краіны выйшлі сумарна больш за мільён чалавек. У першыя некалькі дзён асобныя акцыі перараслі ў падпалы і вандалізм.

Масавыя закалоты ў Чылі пасля падаражання праезду ў метро, ёсць загінулыя

 

У выніку прэзідэнт Сэбастян Піннера адмяніў рашэнне аб павышэнні коштаў на праезд у метро. Кіраўнік дзяржавы абнавіў склад урада, змяніўшы восем міністраў. Аднак гэта не прывяло да спынення масавых акцыяў. У пачатку лістапада Сэбастян Піннера абвесціў аб мерах па ўзмацненні жорсткасці грамадскага парадку, што выклікала новую хвалю пратэстаў. Дэманстранты ўпершыню пачалі будаваць вулічныя барыкады.

Падчас беспарадкаў былі забітыя не менш як 20 чалавек. Паводле мясцовых праваабаронцаў, каля 2500 чалавек пацярпелі. Паліцыя заявіла пра амаль 10 тысячах арыштаваных, але падкрэсліла, што большасць з іх неўзабаве былі адпушчаныя. У Сантʼяга і шэрагу іншых гарадоў быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары