У справе Скрыпалёў з’явіліся першыя падазраваныя, – СМІ


Брытанскія следчыя мяркуюць, што да атручвання Сяргея і Юліі Скрыпалёў датычныя два чалавекі, якія на наступны дзень пасля замаху з’ехалі з Вялікай Брытаніі і цяпер, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў Расеі.

Пра гэта паведамляе газета «The Sun» са спасылкай на крыніцы ў Скотлэнд-Ярдзе. Імёны падазраваных не агучваюцца, але падкрэсліваецца, што яны напэўна «былі звязаныя з Расеяй». Цяпер следчыя рыхтуюцца распачаць крымінальную справу ў іх дачыненні.

«Канчатковая мэта заўсёды была ў тым, каб прыцягнуць гэтых людзей да адказнасці. Відавочна, што калі яны больш не ў Вялікай Брытаніі, гэта будзе значна больш складанай задачай», – кажа адна з крыніцаў выдання.

У красавіку СМІ паведамлялі са спасылкаю на сілавікоў, што атручванне Скрыпалей здзейсніў былы афіцэр ФСБ з кодавым імем Гордан, а агулам у замаху ўдзельнічала каманда з 6 чалавек.

Нагадаем, у 2006 годзе палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль быў прысуджаны ў Расеі да 13 гадоў зняволення за тое, што перадаў брытанскай выведцы сакрэтныя звесткі. У 2010-м Скрыпаль атрымаў у Вялікай Брытаніі прытулак пасля абмену выведнікамі паміж ЗША і РФ. Потым былы афіцэр ГРУ атрымаў брытанскае грамадзянства.

4 красавіка 2018 года Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка былі знойдзеныя без прытомнасці на лаўцы ў англійскім горадзе Солсбэры. Іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок». Пасля замаху Скрыпалі доўгі час знаходзіліся ў рэанімацыі. У рэанімацыю таксама трапіў сяржант паліцыі Нік Бэйлі, які першым прыбыў на месца здарэння.

Лондан абвінаваціў Маскву ў хімічнай атацы на сваёй тэрыторыі. Вялікая Брытанія выслала з краіны 23 прадстаўнікоў расейскага дыпламатычнага корпусу ў звязку з замахам на Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры. Пазней расейскіх дыпламатаў таксама выслалі ЗША і шэраг еўрапейскіх краінаў.

ІІ, belsat.eu, паводле The Sun

Глядзі таксама
Каментары