У справе былога дырэктара магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» выступілі галоўныя сведкі


25 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Магілёва працягнуў разгляд крымінальнай справы былога дырэктара магілёўскай абласной дырэкцыі «Белгазпрамбанку» Сяргея Кармызава. Яго вінавацяць у выдачы крэдыту на падстаўную асобу з атрыманнем узнагароды. У залі суда быў карэспандэнт «Белсату».

Паводле cледства, 21 лістапада 2016 году нібыта на просьбу Сяргея Кармызава Святлана Цэдзік узяла спажывецкі крэдыт у «Белгазпрамбанку» на Br 75 тыс. і перадала гэтыя грошы Уладзіміру Новікаву. Раней на паседжаннях пацярпелая Святлана Цэдзік пацвердзіла гэтую інфармацыю. Што было з грашыма далей, пакуль не прагучала.

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва.
Фота: Белсат

Сёння ў судзе ў якасці сведкаў выступілі муж і жонка Алена і Уладзімір Новікавы – заснавальнікі ТДА «Арсенал». Іхная фірма займалася будаўнічымі і электрамантажнымі працамі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Цэдзік дапамагала весці бухгалтарскі ўлік ТДА.

Алена Новікава на суд прыйшла сама, а ейнага мужа Уладзіміра канваіравалі з папраўчай калоніі № 17, у якой ён адбывае пакаранне паводле крымінальнага артыкулу за махлярства. Арышт Уладзіміра Новікава адбыўся ў лютым 2019 году, пасля чаго спыніліся выплаты па шматлікіх крэдытах, у тым ліку і па крэдыце Святланы Цэдзік.

У Новікавых быў шэраг уласных крэдытаў у «Белгазпрамбанку», аформленых на ТДА «Арсенал», на Алену Новікаву і на ейную дачку. Цікава, што па адным з іх паручальнікам была Святлана Цэдзік. Усе грошы, паводле Алены, атрымліваў ейны муж – Уладзімір Новікаў. Пасля ягонага затрымання запазычанасці па крэдытах нібыта пагасіў Сяргей Кармызаў, але дагэтуль на Новікавай значыцца запазычанасць за працу судовага выканаўцы.

«Калі арыштавалі мужа, Кармызаў прыехаў да мяне і прасіў, каб на допытах я нічога не казала пра яго самога і пра «Белгазпрамбанк». Гэта было ўмовай, каб ён пагашаў нашыя крэдыты. Ён папярэдзіў, што калі я звярнуся ў міліцыю, то ён усё будзе адмаўляць», – заявіла на судзе Алена Новікава.

Новікава кажа, што не ведала, для каго Цэдзік брала крэдыт. Хаця сама выступала паручальніцай для яго і давала ў заклад свой аўтамабіль «Toyota Land Cruiser». Праўда, неўзабаве пасля выдачы грошай аўтамабіль прадалі.

«Аўтамабілем я валодала проста фармальна. У мяне нават правоў няма. Муж ездзіў на ім, а аформіў на мяне. Менавіта муж папрасіў мяне быць паручальнікам па крэдыце Цэдзік. Калі трэба – значыць буду. Я ўсё падпісала. Цэдзік атрымала грошы і перадала іх майму мужу. Але я не ведаю, для каго былі тыя грошы. Муж са мной ніколі не гаварыў пра бізнес», – патлумачыла Алена Новікава.

Калі аплаты па крэдыце спыніліся, Святлана Цэдзік прыехала да Алены Новікавай. Жонка бізнесоўца параіла звяртацца ў органы, аднак бухгалтарка адмовілася гэта рабіць: маўляў, хто такія мы, а хто Кармызаў, гэта бессэнсоўна.

Далей, паводле тлумачэння Новікавай, Кармызаў зрабіў Цэдзік дырэктарам ТДА «Арсенал». Гэта было неабходна, каб прадпрыемства працавала далей і плаціла крэдыты. Пасля паступлення выручкі Цэдзік правяла аплату па крэдытах і праз пару месяцаў сышла з пасады дырэктара. Пры гэтым Новікава адзначае:

«Цэдзік стала дырэктарам незаконна: загаду аб яе прызначэнні не было, зменаў у статут ніхто не ўносіў, я толькі падпісала працоўную дамову з ёй».

Сувязі Кармызава з ТДА «Арсенал» Новікава не пацвярджае і не абвяргае. На большасць пытанняў яна адказвае фразай: «Не магу патлумачыць».

Сам Сяргей Кармызаў адрэагаваў на тлумачэнні сведкі наступным чынам:

«Хоць я і знаёміўся з матэрыяламі справы, але для мяне гэта цяпер шакавальная інфармацыя. Няхай пытанні задае мая адвакатка».

Сяргей Кармызаў на судзе.
Фота: Белсат

Варта адзначыць, што і адвакатка, і пракурор звярнулі ўвагу Новікавай на разыходжанні ў ейных тлумачэннях падчас следства і на судзе. Прагучала, што Новікаву выклікалі на допыт 8 разоў.

З паказанняў Новікавай у справе:

«Намі неаднаразова браліся крэдыты ў «Белгазпрамбанку». Кармызаў дапамагаў іх атрымліваць. Сам ён атрымліваў загадзя агучаны адсотак у грашовым эквіваленце».

Уладзімір Новікаў, якога даставілі на суд у робе і пад канвоем, быў больш паслядоўным у сваіх тлумачэннях. Ён адказваў «не памятаю», «не ведаю» ці «не магу патлумачыць» на большасць пытанняў у справе. На пытанне, чаму тады ягоная жонка яго агаворвае, ён таксама адказаў, што не ведае. На гэтым яго скончылі апытваць і ў справе абвесцілі перапынак да 28 студзеня.

Сяргей Кармызаў пажадаў даваць тлумачэнні пасля пацярпелай і сведкаў.

Hавiны
У Магілёве судзяць экс-кіраўніка філіялу «Белгазпрамбанку». Ягоную справу на БТ звязалі са справай Віктара Бабарыкі
2021.01.18 17:26

Сяргея Кармызава затрымалі 12 чэрвеня 2020 года, па іншай версіі, ён сам прыйшоў у ДФР з павіннай. Сяргей Кармызаў быў сябрам ініцыятыўнай групы экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. У той жа дзень затрымалі Уладзіміра Дударава, каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласці. А за дзень да гэтага, 11 чэрвеня, супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў галаўны офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску. На БТ цесна сплялі справу Кармызава з крэдытам і вылучэнне Віктара Бабарыкі ў кандыдаты на прэзідэнцтва.

Hавiны
«Грошы, знойдзеныя ў сяброў». Усё, што вядома пра «справу Белгазпрамбанку»
2020.06.15 15:51

 

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў