У «Советскую Белоруссию» напісалі данос пра Дразды


«Памешчыцкае гняздо» непадалёк ад Менску раззлавала чытачоў газеты. Пра выпадак, які здарыўся ў 1929 годзе, распавядае герой новага белсатаўскага фільму «Жоўтыя кветкі».

90 год таму ў ваколіцах сённяшняй рэзідэнцыі прэзідэнта людзі здавалі летнія дамкі менчукам, у тым ліку – савецкім чыноўнікам. Камусьці гэта не спадабалася, і ён напісаў данос у «СБ» (тады газета выходзіла пад назвай «Працоўны»). «Вінаватых» саслалі ў Сібір. Праз паўгода трое з асуджаных памерлі ад голаду і холаду.

«Гэта гісторыя маёй сям’і», – гаворыць гісторык і пісьменнік, нашчадак рэпрэсаваных Зміцер Дрозд у дакументальнай стужцы «Жоўтыя кветкі».

І калі Юрый Дудзь у сваёй «Калыме» распавядае пра колькасць пацярпелых і жахлівыя ўмовы жыцця на Поўначы, дык рэжысёрка «Жоўтых кветак» Кася Растоцкая паказвае, што ў гэтым катле перажылі менавіта беларусы.

Сваіх герояў яна знайшла, калі здымала іншы фільм – «Касцёл на крыжы» – і запісвала ўспаміны жанчыны, як цкавалі ксяндза. Пасля тая паказала карціну, на якой былі жоўтыя кветкі, і ўздыхнула:

«А гэта – гісторыя маёй сям’і. Такія кветкі першымі распускаюцца вясной на Урале. Яны там «жаркі» называюцца. Мама, калі ішла з лесапавалу, несла іх…»

Жанчыну звалі Вікторыя Шышла. Яна нарадзілася на Урале ў сям’і рэпрэсаваных беларусаў. Маці было 18, бацьку 23, і яны толькі паспелі пабрацца шлюбам, як іх саслалі на Урал. Там яны правялі 20 гадоў, нарадзілі чацвёра дзяцей. Пасля ім дазволілі вярнуцца ў Беларусь, і яны цудам не загінулі, калі плылі па шырачэзнай рацэ Каме на плыце: іншай дарогі не было.

Спадарыня Вікторыя прызналася Касі Растоцкай, што вельмі хацела б паехаць на Урал, каб знайсці ў тайзе дом, дзе яна нарадзілася, і магілы бабулі і дзядулі…

«Мы разам шукалі на мапе ў тэлефоне пасёлак Пугвін Мыс (у глыбі тайгі, 400 км ад Пярмі), разам гадалі, ці існуе ён яшчэ… – узгадвае рэжысёрка. – Я зразумела, што трэба рабіць пра гэта кіно. І нават назва з’явілася адразу – “Жоўтыя кветкі”».

Вікторыі было за 80, і пакуль падрыхтавалі сцэнар і сабралі здымачную групу, у яе рэзка пагоршылася здароў’е. Ехаць замест яе вырашыла малодшая сястра Ганна, якая таксама нарадзілася ў высылцы. З сабой яна ўзяла сваю дачку.

Была зіма, і ўсе сумняваліся: ці варта ехаць туды, дзе тэмпература падае ніжэй за мінус 40. У выніку вырашылі не чакаць – ці мала што можа здарыцца да лета.

«І правільна зрабілі, бо як мы даведаліся пазней, дарога на Пугвін Мыс існуе толькі ўзімку, пасля рака разліваецца і праехаць немагчыма: любая тэхніка вязне ў гразі», – тлумачыць Кася Растоцкая.

Шукаць дом і магілы гераіням дапамагаў мясцовы жыхар, які цёпла ўзгадвае беларусаў, а пад абрусам хавае… партрэт Сталіна. Чым усё закончылася, глядзіце ў фільме (відэа вышэй).

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў