У Сочы катавалі беларуса, які прыехаў на заробкі


43-гадовы Мікалай прыехаў у курортны горад, каб сабраць грошы на лекаванне хворай на рак маці, але трапіў да несумленных працадаўцаў.

Гаспадары мясцовай аўтамыйні пераманілі мужчыну з будоўлі, прапануючы лепшы заробак. Аб’ект знаходзіўся на тэрыторыі аднаго з былых санаторыяў.

Мужчына ў адзіночку рамантаваў памяшканне кавярні і аўтакраму, будаваў платы, рамантаваў дарогі і выконваў іншыя даручэнні.

«У яго адабралі пашпарт, не плацілі грошы, а просьбы аб кампенсацыі ўсё больш нервавалі зламыснікаў», – пішуць валанцёры руху «Альтэрнатыва».

Да іх звярнуліся калегі з беларускага пошукава-выратавальнага атраду, якіх дапамагчы папрасілі родныя зніклага.

Гаспадары, якія часта выпівалі, пачалі збіваць яго і катаваць распаленым жалезам: качаргой і нажом. Ад болю Мікалай страчваў прытомнасць. Валанцёры выклалі фота слядоў ды апёкаў, што засталіся на нагах пацярпелага.

Мужчыну выратаваў каардынатар руху па Краснадару і вывез яго ўначы, калі зламыснікі спалі. Цяпер мужчына ў Маскве і яму абяцаюць дапамагчы напісаць заяву ў паліцыю ды даехаць да дому.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў