У Слоніме затрыманы назіральнік абвясціў галадоўку


Затрыманне Пятра Крышталя.
Фота: Святлана Крышталь

Незалежны назіральнік са Слоніма Пётр Крышталь, які быў затрыманы 6 жніўня, абвясціў галадоўку. Пра гэта belsat.eu распавяла жонка актывіста Святлана.

Пётр Крышталь – памочнік ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Слонімскім раёне, прадстаўнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» і праекту «Сумленныя назіральнікі». 6 жніўня ягоную машыну спынілі для праверкі супрацоўнікі ДАІ Ёрш і Трус.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі паліттэхнолага Шклярава палітвязнем
2020.08.08 23:20

На аўтамабілі Крышталя не было налепкі пра допуск да ўдзелу ў дарожным руху, таму міліцыянты сталі правяраць інфармацыю пра яго. Але пазней яны заявілі, што ў іх не атрымліваецца праверыць, бо не працуе прылада, і прапанавалі праехаць у РАУС. Пётр пагадзіўся. У аддзяленні яго прасілі пачакаць, потым зноў пачакаць, далей намеснік начальніка РАУС па грамадскай бяспецы Вадзім Шчурскі сказаў супрацоўніку ўтрымліваць на той момант вольнага, ня затрыманага чалавека ў памяшканні без абвяшчэння якіх-небудзь абвінавачванняў. І толькі па вяртанні Шчурскага пасля нарады было абвешчана аб затрыманні.

Шчурскі склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» за тое, што актывіст нібыта адмаўляўся праехаць у РАУС з супрацоўнікамі міліцыі.

Пётр Крышталь у судзе.
Фота: Святлана Крышталь

У той жа дзень адбыўся суд над Крышталём. Суддзя Дуброўскі вырашыў спыніць адміністрацыйную справу праз малазначнасць учыненага дзеяння. Актывіст зайшоў у будынак міліцыі ў 17:40, каб забраць свой тэлефон.

«Але з РАУС Пётр так і не выйшаў – яго сталі там утрымліваць супрацоўнікі міліцыі. І толькі пасля 19.00 яму было абвешчана аб затрыманні. Пётр напісаў зварот да пракурора і абвясціў галадоўку», – распавяла жонка актывіста.

Па тэлефоне супрацоўнік міліцыі паведаміў ёй, што ейнага мужа затрымалі за спробу арганізацыі несанкцыянаванай масавай акцыі, «якую ён здзейсніў раней».

Hавiны
«Вясна» паведамляе пра 13 затрыманых на акцыі салідарнасці
2020.08.08 23:53

«7 жніўня прайшоў несправядлівы суд, на якім абвінаваўцы нават не маглі растлумачыць, у чым жа падсудны вінаваты. Але суддзя палічыў Пятра вінаватым паводле арт. 23.34 і прысудзіў 5 содняў адміністрацыйнага арышту», – адзначыла Святлана Крышталь.

Яна дадала, што галадоўка пратэсту працягнецца да моманту, пакуль да Пятра прыедзе пракурор.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў