У Слаўгарадзе судзяць грамадзяніна Грузіі за ўжыванне маку


Суд Слаўгарадскага раёну 25 кастрычніка пачаў разглядаць справу супраць двух мужчын – грамадзяніна Беларусі і грамадзяніна Грузіі. Іх абвінавачваюць у ўжыванні наркатычных рэчываў без мэты збыту ці распаўсюду. Мужчынаў судзяць паводле ч.1. артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, згодна якому ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Грамадзянін Грузіі Кахабер Калатазішвілі – той самы, з-за каго ў верасні 2018 года пад Магілёўскай турмой галадала беларуска з першай групай інваліднасцю. Анжаліка Калатазішвілі тры дні трымала дзяжурства і галадоўку, каб ёй дазволілі сустрэчу з мужам. Яна пісала адпаведныя звароты ў Міністэрства аховы здароўя, МУС і Адміністрацыю прэзідэнта. І праз 3 дні ёй далі дазвол на сустрэчу.

Анжаліка Калатазішвілі

Аб судовай справе супраць свайго мужа, грамадзяніна Грузіі, Анжаліка Калатазішвілі паведаміла Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Грузіі ў Беларусі Валерыю Кварацхелія. Ён атрымаў ад суду Слаўгарадскага раёну дазвол на сустрэчу з Кахаберам, але сам на першае судовае паседжанне не прыехаў.

Абвінавачванне паведамляе, што 25 ліпеня 2018 года жыхары Слаўгараду Мікалай Качанаў і Кахабер Калатазішвілі нарвалі расліны маку, а пасля прывезлі іх дадому, каб прыгатаваць і ўжыць без мэты збыту ці распаўсюду. Як паведамляе следства, мужчыны ўжывалі цёмна-зялёную вадкасць, якая з’яўлялася асабліва небяспечным наркатычным рэчывам не прызначаным для медычных мэтаў, а менавіта – экстрактам опіуму.

Качанаў Мікалай, абвінавачаны

Мікалай прызнаў сваю віну цалкам, а Кахабер – толькі часткова.

«Я ўбачыў, што Коля (прым. – Мікалай Качанаў, абвінавачаны па справе) ужывае звараны мак і папрасіў даць мне. Ён даў. Гэта быў адзіны выпадак, калі я ўжываў наркатычнае рэчыва. І мне за гэта вельмі сорамна, асабліва перад сваёй жонкай, я падставіў яе. Але тое, што быццам бы я ірваў гэты мак, а пасля яго пераціраў і варыў – гэта няпраўда», – кажа на судзе Кахабер Калатазішвілі.

Кахабер Калатазішвілі

Кахабер Калатазішвілі жыве ў Беларусі 5 год. Ён грамадзянін Грузіі, мае від на жыхарства. Перад затрыманнем працаваў грузчыкам у Слаўгарадзе. Анжаліка прадставіла суду станоўчыя характарыстыкі на Кахабера з месца працы і ад суседзяў. З Анжалікай Кахабер ён мае пакой у слаўгарадскім інтэрнаце і даглядае за ёй, паколькі жонка мае інваліднасць I групы.

Анжаліка сцвярджае, што яе мужа падставілі. Яна не верыць, што за 4 года сумеснага жыцця яна не распазнала ў ім наркамана:

«Мы ведалі, што Коля ў 2017 годзе ўжо быў судзімы за наркотыкі. У іх сям’і былі праблемы і з алкаголем таксама. Пасля гэтага я папрасіла мужа з імі больш не сустракацца і вось чым усё гэта скончылася…».

Анжаліка выглядае засмучана. Жанчына мяркуе, што яе мужа маглі падставіць, каб адпомсціць ёй. На судзе яна распавяла, што атрымала інваліднасць праз няправільны дыягназ лекараў. Спрабавала дамагчыся справядлівасці: звярталася ў суды, скардзілася ў розныя інстанцыі, і таму яе не любяць мясцовыя ўлады… Але гэта не адзіная яе версія.

«Жонку Колі Лену (прым. – Алену Раманаву, сведку на судзе) хацелі адправіць у ЛТП, бо яна залежная ад алкаголю. А з іх сям’і, як неблаганадзейнай, хацелі забраць непаўналетняга сына. Паколькі нічога гэтага не адбылося, то я лічу, што Лена пайшла на змову з міліцыянтамі, каб яны адчапіліся ад яе. І зараз мы бачым, што Лена праходзіць у гэтай справе, як сведка, а не як абвінавачаная, хаця першапачаткова яна была затрыманая разам з мужчынамі», – кажа Анжаліка Калатазішвілі.

Міліцыянты

Старэйшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Слаўгарадскага РАУС Мікіта Сцепаненка распавёў на судзе, што экспрес-тэст на наркотыкі паказаў станоўчы вынік ва ўсіх трох затрыманых: Мікалая Качанава, яго жонкі Алены Раманавай і іх сябра Кахабера Калатазішвілі. Але на судзе Алена Раманава паўстала ў якасці сведкі, а абвінавачанымі засталіся толькі мужчыны. Як гэта сталася, ён не патлумачыў.

«Качанаў Мікалай стаяў на наркатычным уліку, таму мы часта яго наведвалі. 25 ліпеня 2018 года, калі мы пад’ехалі да дому Качанава, ён не адчыніў нам брамку, як рабіў гэта раней, а размаўляў з намі праз плот. Яго паводзіны цалкам былі незвычайнымі. А яшчэ каля дому стаяў рэзкі пах ацэтону, што прымусіла нас выбіць дзверы і ўвайсці. У той момант у доме былі Алена Раманава, Качанаў Мікалай і Кахабер Калатазішвілі. Калі мы спыталі пра забароненыя рэчы, то Качанаў паказаў нам на хлеў, у якім на пліце стаяў рондаль з зялёнай вадкасцю. У самім доме мы знайшлі мясарубку і шпрыц», – кажа Мікіта Сцепаненка.

Тэлефонныя гутаркі праслухоўваліся яшчэ да затрымання

Міліцыянт Мікіта Сцепаненка, які кіраваў затрыманнем

Падчас тлумачэнняў супрацоўніка міліцыі, высветлілася, што ў дачыненні да Мікалая Качанава яшчэ да затрымання была распачатая аператыўна-пошукавая дзейнасць, якая прадугледжвала не толькі частыя наведванні і сустрэчы, але і праслухоўванне тэлефонных размоваў. Суду Мікіта Сцепаненка заявіў, што «Качанаў і Калатазішвілі вельмі часта сазвоньваліся і дамаўляліся стрыгчыся – па 5 разоў на тыдзень». Пры гэтым Сцепаненка тлумачыць, што не разумее, што мужчыны мелі на ўвазе пад словам «стрыгчыся».

Абвінавачаны Мікалай Качанаў прызнаў сваю віну цалкам. У судзе ён амаль што паўтарыў версію дзяржаўнага пракурора:

– Мы з Кахаберам заўважылі расліны маку каля маёй працы. 25 ліпеня Кахабер нарваў гэтых раслін і прывёз мне дадому. Падчас абедзеннага перапынку мы іх перамалолі і сварылі, а пасля – ужылі. Я запрасіў Кахабера прыйсці ў госці ўвечары, бо збіраўся тапіць лазню. Кахабер прыйшоў, а пасля прыйшлі міліцыянты. Палова зваранага маку яшчэ была на пліце…

Старшыня суду Слаўгарадскага раёну Аляксандр Курылін аб’явіў перапынак у паседжанні да 31 кастрычніка.

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў