У Швейцарыі шасцярых чыноўнікаў ФІФА арыштавалі па падазрэнні ў карупцыі


У Швейцарыі арыштаваныя шасцёра высокапастаўленых функцыянераў Міжнароднай федэрацыі футболу (ФІФА).

Пра гэта 27 траўня паведамляе slon.ru са спасылкай Reuters.

Спартыўныя чыноўнікі былі арыштаваныя па запыце амерыканскіх уладаў. Функцыянераў падазраюць у атрыманні хабараў, агульны памер якіх ацэньваецца ў $ 100 млн.

Паводле звестак амерыканскіх праваахоўных органаў, падазраваным у хабары плацілі камерцыйныя арганізацыі, якія ў абмен на гэта атрымлівалі маркетынгавыя і спонсарскія кантракты на буйных спаборніцтвах.

Чыноўнікі былі арыштаваныя перад пачаткам сходу кіроўных органаў ФІФА, на якім будзе абраны новы кіраўнік арганізацыі. Чакаецца, што пост захавае за сабой Ёзэф Блятэр (Joseph Blatter).

Па дадзеных выдання New York Times, больш за дзясятак паліцыянтаў у цывільным увайшлі ў пяцізоркавы гатэль, дзе спыніліся прадстаўнікі ФІФА, узялі ключы на стойцы рэгістрацыі і падняліся ў нумары, каб правесці арышты. Аперацыя праходзіла спакойна, падае Бі-БІ-Сі.

Сярод арыштаваных, паводле звестак відавочцаў, быў кіраўнік федэрацыі ў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы ды Караібах Джэфры Ўэб (Jeffree Webb), а таксама прадстаўніка ФІФА з Коста Рыкі Эдуарда Лі (Eduardo Li). Ёсць звесткі пра затрыманне былога віцэ-прэзідэнта ФІФА Джэка Ўорнэра (Jack Warner).

Швейцарская пракуратура паведаміла аб пачатку расследавання ў сувязі з выбарам Расеі і Катару краінамі-гаспадынямі чэмпіянатаў свету па футболе ў 2018 і 2022 гадах. Па гэтай справе будуць дапытаныя дзесяць чалавек, якія прымалі ўдзел у галасаванні ў якасці чальцоў выканкаму ФІФА. Мяркуецца, што пры выбары месцаў чэмпіянатаў свету магло дайсці да злоўжыванняў і адмыванні грошай, падае dw.de.

Міністр спорту Расеі і чалец выканкаму ФІФА Віталь Мутко заявіў агенцтву «Інтэрфакс», што большасць затрыманых не мелі дачынення да заявачнай кампаніі ЧС-2018 па футболе.

Раней кіраўнік Польскага футбольнага саюзу Збігнеў Бонек (Zbigniew Boniek) правесці чэмпіянат свету па футболе не ў Расеі, паколькі войскі гэтай краіны напалі на Украіну.

ФІФА ў апошнія гады дастаткова рэгулярна аказваецца ў цэнтры буйных карупцыйных скандалаў. Так, у лістападзе 2014 года прадстаўнікоў арганізацыі западозрылі ў атрыманні хабараў ад катарскіх бізнесменаў у абмен на рашэнне правесці чэмпіянат свету 2022 года ў Катары.

МЯ, паводле slon.ru, bbc.co.uk, dw.de

Стужка навінаў