У шпіталі БСМП памерла жанчына з станоўчым тэстам на каронавірус


У менскай больніцы хуткай медычнай дапамогі памерла жанчына, у якой быў станоўчы тэст на каронавірус. У палаце ва ўсіх пацыентаў узялі мазкі на COVID-19, распавяла «Белсату» Насця Захарэвіч, якая ляжыць у гэтым шпіталі.

У шпіталь жанчыну, якой было каля 70 гадоў, прывезлі некалькі дзён таму. У яе былі праблемы з сэрцам і сасудамі, памерла жанчына 6 траўня.

«Рэальна ў жанчыны былі відавочныя праблемы са здароўем, але ў яе станоўчы тэст на каронавірус. Яна памерла ў нашай палаце», – распавяла «Белсату» Насця Захарэвіч, якая з тэмпературай на лячэнні ў шпіталі, дзе памерла жанчына.

У сувязі з тым, што тэст на каронавірус у памерлай жанчыны даў станоўчы вынік, мазкі ўзялі ва ўсіх пацыентаў, якія знаходзяцца ў палаце.

«У мяне быў адмоўны тэст на каронавірус. Учора ў нас зноў узялі мазкі. Справа ў тым, што ў некаторых паднялася тэмпература, таму вырашылі праверыць яшчэ раз на каронавірус. Як я зразумела, то будуць яшчэ браць мазкі, каб адпрацаваць кантакт з памерлай жанчынай. Праблема ў тым, што няма вольных месцаў у шпіталях», – кажа Насця Захарэвіч.

Па стане на 6 траўня ў Беларусі зарэгістравана 19 255 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. За содні інфікаваных стала больш яшчэ на 905 чалавек. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 112 пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй, адзначаюць у Мінздароўя.

Hавiны
Плюс 905. Мінздароўя апублікавала новыя звесткі па сітуацыі з каронавірусам
2020.05.06 12:14

CK belsat.eu

Стужка навінаў