У школах могуць з'явіцца настаўнікі, адказныя за патрыятызм


Ілюстратыўнае фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Міністэрства адукацыі будзе рыхтаваць іх супольна з Міністэрствам абароны.

5 сакавіка палкоўнік Дзяніс Фёдараў, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны, паведаміў, што ў дырэктараў беларускіх школаў можа з’явіцца намеснік, які будзе адказваць за патрыятычнае выхаванне моладзі. Таксама ён будзе выкладаць «Дапрызыўную і медычную падрыхтоўку», падае партал «Менск-навіны».

Цяпер Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны вядуць актыўную працу па ўдасканаленні гэтага прадмету.

Паводле прадстаўніка Міністэрства абароны, дапрызыўная падрыхтоўка – найважнейшы напрамак падрыхтоўкі да ваеннай службы.

«Змест навучальных праграм прадмета «Дапрызыўная і медычная падрыхтоўка» для 10–11-х класаў перагледзелі, матэрыял зрабілі больш даступным», – адзначыў ён.

Паводле Фёдарава, у Ваеннай акадэміі арганізавалі адмысловы падрыхтоўчы курс для настаўнікаў, якія не маюць ваеннай адукацыі.

ДД

Стужка навінаў