У сэрвіса MolaMola пачаліся тэхнічныя праблемы


«Белгазпрамбанк» заблакаваў магчымасць пераводу грошай асобным кампаніям, у прыватнасці краўдфандынгаваму сэрвісу MolaMola.

11 чэрвеня прыкладна а 19:10 у сэрвіса MolaMola, які дазваляе хутка збіраць сродкі на розныя сацыяльныя праекты, пачаліся праблемы з прыёмам транзакцыяў. Сэрвіс абслугоўваўся праз «Белгазпрамбанк». Аб гэтым яны паведамілі на сваёй старонцы ў Facebook.

«Магчымасць ажыццяўляць аперацыі заблакаваная з боку банку. Рашэнне аб блакаванні прынятае кіраўніцтвам банку. Каманда MolaMola будзе зараз рабіць усё магчымае, каб аднавіць працу сайту», – напісана ў абвестцы.

Адзін з заснавальнікаў пляцоўкі Антон Матолька напісаў у сваім Facebook, што шукае банк, які гатовы падтрымаць пляцоўку і максімальна аператыўна скааперавацца з MolaMola.

«Крок даволі чаканы. Дзіўна, але відаць дзяржава баіцца нават такога прыкладу салідарнасці беларусаў, калі за лічаныя гадзіны збіраюцца патрэбныя сумы для тых, каму патрэбная дапамога», – заявіў ён у посце.

Hавiны
COVID-19 забраў грошы ў дзяцей. Госпіс чэрпае з запасаў
2020.05.04 11:59

MolaMola была запушчана 27 сакавіка 2019 года. За час існавання платформы на ёй аператыўна збіралі грошы шматлікія ініцыятывы, у тым ліку і на штрафы грамадскім актывістам. Звольнены за ўдзел у стрыме Ціханоўскага фельчар з Ліды здолеў на платформе сабраць свой гадавы заробак за дзень.

Адзін з заснавальнікаў MolaMola – Эдуард Бабарыка, сын і кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі.

Сёння ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку» прайшоў ператрус. Аднак кіраўніцтва банку заявіла, што гэта не паўплывае на ягоную працу.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў