«У сераду пачаў кашляць, у пятніцу памёр». 59-гадоваму працаўніку спорткомплексу «Стайкі» ставілі дыягназ ВРВІ


59-гадовы Фёдар Б., які працаваў сантэхнікам у комплексе алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» пад Менскам, некалькі дзён скардзіўся на высокую тэмпературу і кашаль. Яму паставілі дыягназ ВРВІ, але не забралі ў больніцу. Уначы з 2 на 3 красавіка ён памёр.

Гісторыю свайго дзядзькі belsat.eu паведаміла жыхарка Менску Вольга. Паводле яе, у пасведчанні аб смерці напісалі: «сэрцава-лёгачная няздатнасць». На фоне чаго яна развілася, не ўдакладнілі.

«У нас сям’я раскалолася на дзве часткі: тыя, хто верыць у афіцыйную прычыну, і тыя, хто не верыць. Апошнія не пайшлі на пахаванне. Жонка памерлага ўпэўненая, што гэта не каронавірус, бо дзядзька вельмі цяжка працаваў і ніколі не звяртаўся да лекараў. Яна ўзяла на працы адпачынак на 5 дзён, але не ізалявалася і працягвае свабодна перамяшчацца па горадзе», – кажа Вольга.

Яна распавядае, што ў пазамінулую пятніцу, 30 сакавіка, у Фёдара паднялася тэмпература 38. У панядзелак ён выклікаў на дом доктара з паліклінікі па месцы жыхарства ў мікрараёне Малінаўка. Мужчыну паставілі дыягназ: вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя (ВРВІ).

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Яму прапісалі парацэтамол, каб збіваць тэмпературу, і антыбіётыкі. У сераду пачаўся кашаль, на наступны дзень выклікалі хуткую. Хуткая запытала, ці ён быў за мяжой і ці ён кантакт першага ўзроўню. Сваякі адказалі, што не. Тады ім параілі раніцай зноў выклікаць доктара, але да раніцы ён ужо не дажыў.

Атрымліваецца, вось так чалавек згарэў ад сэрцава-лёгачнай няздатнасці?» – гаворыць Вольга.

Дзяўчына дадае, што дзядзька курыў і «час ад часу пакашліваў», але пра канкрэтныя хранічныя хваробы ёй нічога невядома. На канстатацыю смерці хуткая прыехала без спецкасцюмаў – толькі ў масках і пальчатках.

«Калегі на працы спачатку збіраліся зладзіць памінкі, стол, а потым патэлефанавалі цётцы і перапрасілі, што не змогуць арганізаваць нічога праз каранцін», – апавядае Вольга.

Тэсты на выяўленне каронавіруснай інфекцыі.
Фота: SHANNON STAPLETON / Reuters / Forum

Грамадзянская жонка Фёдара застаецца ў цяжкім псіхалагічным стане, увесь час плача, кажа Вольга. Гаварыць з журналістамі пакуль не гатовая.

«Яна нават не ведае, ці бралі ў яго мазок на каронавірус. Калі хуткая прыехала, яе папрасілі выйсці з пакою і нешта там рабілі, нейкія ўколы. Магчыма, спрабавалі неяк ратаваць», – дадае Вольга.

Таксама дзяўчына сцвярджае, што ейныя бацькі, якія жывуць непадалёк ад спарткомплексу «Стайкі», паведамілі пра як мінімум два выпадкі заражэння каронавірусам у суседняй вёсцы.

Адміністрацыя «Стаек»: Выпадкаў каронавіруса ў нас няма

«Стайкі» – гэта асноўная трэнінгавая база спартоўцаў, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Хаця Алімпіяду-2020 у Токіа перанеслі на наступнае лета, беларускія спартоўцы працягваюць трэнінгі. 5 красавіка выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі боксу заяўляў БелТА, што тэсты на каронавірус ва ўсіх баксёраў– адмоўныя.

Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”. Фота stayki.com

І спартоўцы, і частка персаналу жывуць на тэрыторыі комплексу. Сантэхнік таксама жыў там у службовай кватэры.

Намеснік генеральнага дырэктара «Стаек» па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Андрэй Новікаў у каментары belsat.eu сказаў, што пра смерць сантэхніка адміністрацыя ведае, але не звязвае яе з каронавірусам. «Афіцыйна нам не падалі ніякіх дакументаў [з пацверджаннем каронавіруса]… Ні ў персаналу, ні ў спартоўцаў не было выяўлена каронавіруса, агульнага росту захворванняў у нас таксама няма», – адзначыў Новікаў.

Разам з тым ён дадаў, што прафілактычныя захады ў «Стайках» увялі амаль два тыдні таму. «Ужо амаль два тыдні ў нас праводзіцца комплекс мерапрыемстваў для папярэджання занясення каронавіруснай інфекцыі: уведзены больш жорсткі прапускны рэжым, ахова праінструктаваная, пабочным асобам уваход на тэрыторыю забаронены, вызначылі месцы, дзе можна апрацаваць рукі, дэзынфікуем памяшканні. Мы максімальна абмяжоўваем кантакты спартоўцаў: ні іх, ні трэнераў мы за тэрыторыю комплексу не выпускаем», – патлумачыў Новікаў.

***

На дзень 7 красавіка ў Беларусі на лекаванні застаюцца 794 чалавекі з каронавірусам, 31 з іх – на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле апошніх звестак Міністэрства здароўя, 13 чалавек памерла. Афіцыйна каранцін у краіне дагэтуль не ўведзены.

Hавiны
«Мажу ў носе праполісам». Рэпартаж з Камунараў, дзе шпіталізавалі 39 дзяцей
2020.04.06 18:07

КА belsat.eu

Стужка навінаў