У Саудаўскай Аравіі жанчыны ўпершыню бяруць удзел у выбарах (ВІДЭА)


Каля 130 тыс. саудаўскіх жанчын сёння наведаюць выбарчыя ўчасткі.

У краіне праходзяць муніцыпальныя выбары, у якіх першы раз у гісторыі бяруць удзел і жанчыны. Ім таксама дазволілі вылучацца ў якасці кандыдатаў, хаця вядомае сваймі кансерватыўнымі пазіцыямі каралеўства застаецца адзінай краінай, дзе жанчынам забаронена кіраваць аўтам.

Агулам 978 жанчын зарэгістраваліся ў якасці кандыдатаў разам з 5938 мужчынамі.

Паводле закону, жанчыны галасуюць асобна ад мужчынаў, для іх абсталяваныя асобныя ўчасткі.

Упершыню жанчыны ўвайшлі ў склад Кансультатыўнага савету – заканадаўчага органу – пры каралі Абдале ібн Абдэль Азыз ас-Саўдзе ў 2013 годзе. Улады тады прадугледжвалі квоту для жанчын у 20 %.

Сённяшнія муніцыпальныя выбары зʼяўляюцца трэцімі ў гісторыі каралеўства, у перыяд з 1965-га па 2005-ы гады выбараў тут не праводзілі.

НМ, belsat.eu, паводле BBC, DW

Стужка навінаў