У сакрэтным архіве Ватыкану шукаюць новыя звесткі пра Францыска Скарыну


Новыя падрабязнасці аб жыцці Францыска Скарыны спрабуе знайсці сярод ватыканскіх архіўных дакументаў гісторык і мовазнаўца Алесь Жлутка. На працягу некалькіх дзён ён працаваў у Ватыканскім сакрэтным архіве, каб пацвердзіць версію аб магчымай прысутнасці беларускага першадрукара на V Латэранскім саборы, які праходзіў у 1512-1514 гадах у Рыме.

У каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Алесь Жлутка распавёў, што падобная гіпотэза належыць «маладому, але вядомаму перакладчыку і пісьменніку» Антону Францішку Брылю. Ён звярнуў увагу на існаванне дакументу, у якім цырымоніймайстар папы Юлія ІІ кажа аб прысутнасці на саборы пасольства караля Даніі Ганса, у складзе якога мог быць і Скарына. Гаворка ідзе пра 1512 год.

«У тым годзе Францыск Скарына абараніў доктарскую дысертацыю ў Падуанскім універсітэце, у дакументах якога ён пазначаны як сакратар дацкага караля. Гэтыя дзве падзеі раздзяляюць толькі тры месяцы. Цалкам магчыма, што Францыск Скарына ўдзельнічаў у гэтым пасольстве да Папы Рымскага, у сувязі з Латэранскім Саборам. Магчыма, што на адваротным шляху ён акурат і абараніў доктарскую дысертацыю ў Падуі», – адзначыў Алесь Жлутка.

Пакуль дакладных звестак пра самога Скарыну ў складзе дацкага пасольства на саборы адшукаць не атрымалася, але аналіз дакументаў, звязаных з гэтай гіпотэзай працягваецца.

Алесь Жлутка распавёў, што ў біяграфіі Францыска Скарыны застаюцца белыя плямы. Пасля атрымання ім ступені бакалаўра ў Кракаве ў 1508 годзе звесткі пра яго прападаюць, і менавіта да 1512 года. Дзе ён знаходзіўся ў гэты час – невядома. Дзе атрымаў магістарскую ступень – таксама. Калі пацвердзіцца версія пра яго прысутнасць на Латэранскім саборы, то з’явяцца падставы для пошуку звестак па яго біяграфіі ў іншых кірунках, мяркуе гісторык.

Няшмат вядома і пра маладыя гады будучага першадрукара. Алесь Жлутка заўважыў, што ў гэты перыяд у Полацку быў заснаваны бернардынскі кляштар, пры якім Скарына мог атрымаць першую адукацыю, і нават імя – Францыск – у гонар святога Францішка Асізскага, заснавальніка Ордэна меншых братоў, які на тэрыторыі ВКЛ і Польшчы называлі «бернардынскім». Далейшая вучоба Скарыны ў Вільні і Кракаве таксама супадае з арэалам дзейнасці гэтай манаскай супольнасці. Не выключана, што Скарына мог мець мецэнатаў сярод яе чальцоў.

Паводле Алеся Жлуткі, важна працягваць даследаваць асобу Францыска Скарыны і ў кантэксце ініцыятывы адносна яго кананізацыі.

«Калі ўзяць яго прадмовы, яны самі па сабе сведчаць: у іх ён выглядае чалавекам глыбокай веры, а таксама патрыётам сваёй Бацькаўшчыны: чалавекам, які любіць і Айчыну, і людзей, што жывуць на гэтай зямлі, з якой ён выйшаў. Ён узяў на сябе такую велізарную працу, якая не давала яму ніякіх матэрыяльных дысідэнтаў. Сама асоба Скарыны, я думаю, заслугоўвае кананізацыі, паколькі гэта чалавек незвычайнага таленту, які з’яўляўся перакладчыкам Бібліі. Ён адрасаваў яе людзям «рускага языка» – у сэнсе старабеларускай мовы, а таксама праваслаўнаму насельніцтву. Выглядае так, што гэта была яго экуменічная місія, мэтай якой было паяднанне хрысціянскіх плыняў праз Божае слова», – мяркуе гісторык.

Паводле Алеся Жлуткі, выдадзеная Скарынам Біблія перапісвалася і распаўсюджвалася. Зафіксаваны запазычанасці з яго перакладу, што сведчыць пра яе шырокае выкарыстанне і папулярнасць. Даследчык не губляе надзеі на тое, што праца беларускага першадрукара паслужыць натхненнем і для сучаснага перакладу Святога Пісання ў Беларусі.

МЯ, паводле be.radiovaticana.va

Стужка навінаў