У Рызе прайшло шэсце памяці легіянераў «Вафен СС»


Шэсце, прымеркаванае да неафіцыйнага дня памяці латышскага легіёну «Вафен СС» прайшло ў латвійскай сталіцы 16 сакавіка. Паводле дадзеных паліцыі, у ім узялі ўдзел каля тысячы чалавек, піша DELFI.lv

Акрамя саміх былых легіянераў, удзел у шэсці ўзялі грамадзяне, якія падзяляюць ультраправыя погляды і сімпатызуюць «Вафен СС».

Якіх-кольвек сур’ёзных інцыдэнтаў падчас шэсця не зафіксавана. Як піша інтэрнэт-выданне Delfi, пад канец мерапрыемства ў натоўпе адбылася слоўная сварка паміж латышамі і расейскамоўнымі. Удзельнікі канфлікту паспрабавалі выказаць незадаволенасць абодвух бакоў пытаннямі сумеснага пражывання ў Латвіі. У прыватнасці, гучалі папрокі, якія тычацца моўных, культурных і этычных пытанняў. Аднак у фізічную канфрантацыю спрэчка не перайшла, бо ўмяшалася паліцыя.

16. marta leģionāru piemiņas gājiens.

Opublikowany przez Delfi.lv Sobota, 16 marca 2019

Каля помніку Свабоды ў цэнтры гораду дэманстрантаў сустрэлі прадстаўнікі супрацьлеглых поглядаў. Каля 50 чалавек трымалі плакаты з надпісам «Яны змагаліся за Адольфа Гітлера».

Фота Sputnik

Расейская амбасада ў Рызе адрэагавала на шэсце негатыўна.

«Ганьба! У цэнтры еўрапейскай сталіцы зноў з ушанаваннямі «маршыруюць» былыя легіянеры «Вафен СС» і іх памагатыя. І гэта напярэдадні 75-ай гадавіны вызвалення Рыгі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», – гаворыцца ў паведамленні амбасады РФ.

Падобныя шэсці 16 красавіка праводзяцца ў Латвіі з 1994 года. Заяўкі на мерапрыемства зацвярджае Рыжская дума. Па ўсім перыметры шэсця паліцыя забяспечвае парадак.

«Вафен СС» – дабравольніцкі легіён, які быў створаны нямецкім камандаваннем падчас Другой сусветнай вайны на базе двух грэнадзёрскіх дывізіяў. Менавіта ў гэты дзень, 16 сакавіка 1944 года латвійскія часткі войскаў СС прынялі ўдзел у баявых дзеяннях супраць савецкіх войскаў каля ракі Вялікай пад Псковам.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў