У Рэчыцы вынайшлі спосаб плаціць заробак у 15 рублёў


Прэзумпцыя вінаватасці па-рэчыцку. У працаўнікоў цэху ўласнай прадукцыі крамы «Белмаркет» вылічылі з заробкаў грошы за недаказаную растрату.

Праблемы, паводле былых працаўнікоў крамы «Белмаркет» нумар 151 у Рэчыцы, пачаліся ў жніўні мінулага года са змены кіраўніцтва. Якое правяло аптымізацыю – то бок скарачэнне штату – шляхам звальненняў з нібыта ўласнага жадання.

У цэху ўласнай прадукцыі – аддзеле крамы, што займаецца выпечкамі і кулінарнымі паўфабрыкатамі – кіраўніцтва абвесціла пра выяўленне недастачы на 185 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

«Мы адмовіліся падпісваць дакументы пра недастачу, і сталі патрабаваць доказаў, у чым мы вінаватыя, і на якой падставе ў нас такая недастача – сумарна ці па нейкіх прадуктах – нам ніхто не адказаў», – кажа Аксана Балмочанка, былая працаўніца крамы.

Разбірацца прыязджала кіраўніцтва сеткі «Белмаркет» з Менску. Прадавачкам пагражалі нават крымінальнаю справаю і судом. А пасля гэтага, маўляў, і пачнуць вылічваць недастачу.

Але кіраўнікі рэчыцкай крамы не сталі чакаць і адразу пачалі забіраць грошы з заробкаў. Частка працаўнікоў звольнілася, сплаціўшы грошы, рэшту звольнілі, як толькі ў іх скончыўся тэрмін кантракту. Агулам працу страцілі паўтара дзясяткі асобаў. Траім з іх не вярнулі працоўных кніжак, бо людзі не едуць па іх у Менск і не хочуць, каб дакумент перасылалі поштаю.

З апошняга заробку ў людзей забралі амаль сто адсоткаў, пры тым што заканадаўства забараняе спаганяць больш за 50 %. Але кіраўніцтва крамы мяркуе, што нічога не парушала.

«Мы ніякіх парушэнняў не рабілі, усё ў межах заканадаўства, усе разлікі, усе выплаты, усе прыняцці і звальненні супрацоўнікаў на працу. Вы ж разумееце – парушэнне заканадаўства гэта штрафы, суды, таму мы працуем толькі паводле закону» – запэўніваюць у краме.

Цяпер былыя працаўнікі чакаюць адказу на скаргу ў інспекцыю аховы працы, бо звароты да менскага кіраўніцтва «Белмаркету» і ў пракуратуру плёну не прынеслі. Людзі ж працягваюць настойваць на сваёй невінаватасці.

ІД, belsat.eu

Стужка навінаў