У Расею прывезлі ўранавыя адкіды з Нямеччыны


Грузавы карабель «Міхаіл Дудзін» прышвартаваўся ў порце Санкт-Пецярбургу. Судна прывезла ў Расею 600 тон збяднелага гексафтарыду ўрану. Пра гэта паведамляе выданне «Марскія весці Расеі».

Пасля прыбыцця грузавога судна ў Пецярбург кантэйнеры з уранавымі адкідамі перагрузілі для адпраўлення па чыгунцы ў Новаўральск. Тут, у Свярдлоўскай вобласці знаходзіцца абсталяванне для пераапрацавання адкідаў паліва для АЭС.

Пакуль груз перагружалі на цягнікі, выданне «Фонтанка» звяртае ўвагу, што карабель знаходзіўся літаральна ў 500 метрах ад жылых дамоў.

Актывісты «Greenpeace», падчас прыбыцця карабля расцягнулі банер з надпісам «Сардэчна запрашаем на звалку!» Падобныя акцыі пратэсту прайшлі не толькі ў Санкт-Пецярбурзе, але і ў Маскве, Чэлябінску, Кіраве, Казані і Новаўральску.

Фота: greenpeace.ru

Агульны аб’ём ядравых адкідаў з Нямеччыны ў Расею толькі да канца бягучага году складзе каля 6000 тон, або 725 кантэйнераў. Пастаўкі ажыццяўляюцца на падставе дамовы паміж Urenco Deutschland з расейскай кампаніяй TENEX. Прадстаўнікі кампаніяў лічаць, што такім чынам Расея зможа скараціць здабычу прыроднага ўрану да 20 %. Праціўнікі кантракту і транспартавання ядравых адкідаў адзначаюць, што насамрэч нямецкая кампанія імкнецца ашчадзіць грошы.

СК belsat.eu

Стужка навінаў