У расейскай або беларускай: Джон Сільвер выгодны Лукашэнку ў любой турме


Суд у Расеі або экстрадыцыя Эдуарда Пальчыса – Лукашэнку будзе даспадобы любы варыянт.

Патрыёт і гісторык

Джон Сільвер – каларытны персанаж «Востраву скарбаў» Роберта Люіса Стывенсана. Пірат і злодзей, небяспечны і бязлітасны да ворагаў, але верны ды адданы сваім сябрам. Ці малады гісторык з Ліды абраў мянушку выпадкова?

Журналіст і грамадскі актывіст Станіслаў Суднік памятае Пальчыса са школы: юнак яднаў вакол сябе групу паплечнікаў, якія займаліся прапагандаю беларушчыны. Яшчэ вучнямі яны распаўсюджвалі ўлёткі апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча на выбарах 2006 года або ладзілі прыбіранне тэрыторыі ў маёнтку Ігната Дамейкі.

«Эдуард Пальчыс быў вельмі старанным, прыстойным, адказным вучнем. Ён яшчэ ў 9-ым класе заявіў мне, што хоча паступаць на гістфак. І ён сур’ёзна падыходзіў да заняткаў, быў пераможцам розных алімпіядаў у 9-й, 10-й класе, а ў 11-й стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і без экзаменаў быў залічаны на гістарычны факультэт БДУ», – узгадвае Эдуарда ягоная настаўніца гісторыі, спадарыня Марына, у інтэрвʼю «Радыё Свабода». – «Пасля школы, калі ён паехаў вучыцца ў БДУ, першы час яшчэ сустракаліся, але пазней з тых часоў я яго і ня бачыла. Але пра яго ў мяне засталіся самыя добрыя ўспаміны».

Выкрывальнік і канспіратар

Што ён зрабіў потым? «Як Беларуская Праваслаўная Царква рыхтуе нас да «рускага свету» – адна з ягоных апошніх публікацыяў на 1863x.com. Назва старонкі невыпадкова звязаная з годам паўстання: там размяшчаліся матэрыялы, крытычныя як да ўладаў Беларусі, так і Расеі.

«Шмат каму можа здасца, што «пятая калона» – мем Лукашэнкі, якім ён акрэслівае беларускую апазіцыю. І мы ўсе смяемся ды прышпільваемся, нібы ў гэтым панятку няма нічога страшнага. Але ёсць. Пятая калона сапраўды існуе і даўно дзейнічае пад рознымі маскамі. Мэта пятай калона – зняволенне Беларусі, знішчэнне беларускай ментальнасці і поўная русіфікацыя нашага народу. Сёння мы паразмаўляем пра адну з замоўчаных арганізацыяў «рускага свету» – Беларускую Праваславную Царкву. Чаму пра яе маўчаць? Таму, што любы ўздым пытання будзе суправаджацца крыкамі: «Ах, ты няўдзячная пачвара, на рэлігію наязджаеш, Дʼябал ты гэткі». Але хтосьці павінен гэта зрабіць, бо пытанне тычацца нацыянальнай бяспекі маёй радзімы.

Апроч стварэння такіх вострых тэкстаў Пальчыс займаўся журналісцкімі правакацыямі: прадстаўляючыся расейскім PR-агенцтвам, ён дамогся ад Вячаслава Дыянава згоды на супрацу для прапагандысцкіх праектаў, якія шчодра аплочвае Крэмль.

«Агент» ці «варʼят»?

Але канспірацыя не дапамагла Пальчысу: роўна год таму яго затрымалі беларускія спецслужбы.

«5 траўня быў важны дзень. У планах было здзейсніць амбітны праект у медыйнай сферы. Праз тое, што дырэктар спазняўся, вырашыў пайсці ў туалет на першым паверсе. Выходзячы на лесвіцу, я не звярнуў асаблівай увагі на групу мужчынаў, якія падымаліся па лесвіцы. Яны назвалі маё імя і прозвішча. «Так», – кажу (нават не думаючы, хто гэта і што ім трэба). – «Ляжаць!» – шэсць чалавек кідаецца на мяне, валяць не бетонную падлогу і прафесійна апранаюць кайданкі.

Следчыя намагаліся здабыць звесткі пра магчымае фінансаванне дзейнасці Пальчыса з-за мяжы, абшуквалі ягонае жытло і кватэру ягонай маці, гадзінамі дапытвалі ягоную нявесту.

«Найбольш я непакоіўся пра сваю нявесту і пасля 100500 абяцання, што са мной нічога не здарыцца, нармальным голасам я назваў перад камерай сваё імя і прозвішча ды распавёў, калі ды як зрабіў старонку, што вёў яе сам, што доступ да яе меў толькі я, што артыкулы пісаў толькі я, а таксама – чаму меў украінскую SIM-карту, чаму паехаў ва Украіну ў 2014-ым годзе, што я не агент ніякіх спецслужбаў, што да сайту больш ніхто не мае дачынення, што яго ніхто не фінансуе і г. д. Аператыўнікі былі задаволеныя, і я зразумеў, што іх мэтай сапраўды было знайсці і ідэнтыфікаваць стваральніка сайту 1863x.com», – пісаў Пальчыс.

Пасля арышту яго на месяц закрылі ў псіхіятрычным шпіталі – на абследаванне.

Уцякач і арыштант

Урэшце ён быў вызвалены пасля падпіскі аб нявыездзе – ужо як абвінавачаны ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы ды распаўсюдзе парнаграфіі. Падставаю для абвінавачання стаў апублікаваны ў блогу матэрыял «Ваніты, агіда і панос», у якім Пальчыс апісваў, як у сацыяльных сетках раскручваюць нянавісць супраць беларускіх патрыётаў.

Джон Сільвер (сапраўднага імя не раскрыў ані ён, ані спецслужбы) не чакаў, калі яго пасадзяць. Перад тым, як апісаць, што з ім адбывалася пасля арышту – у Следчым камітэце ды ў Навінках, – ён уцёк ува Украіну ды пасяліўся ў Кіеве, адкуль і далей вёў свой блог. Да пачатку гэтага года.

Яшчэ 23 студзеня ён пісаў у «Тўітэры», што атруціўся. Потым раптоўна знік. Моладзевы актывіст Павел Юхневіч напісаў, што блогер стаў ахвярай правакацыі і паехаў у Расеі па нейкім запрашэнні. Там яго арыштавалі.

Новая інфармацыя пра яго зʼявілася праз 3 месяцы ў нечаканым месцы – на сайце ўльтраправых расейскіх радыкалаў «Спутник и погром», ідэйным праціўніку блога Пальчыса. Кірыл Аверʼянаў-Мінскі падае, што 23 студзеня Пальчыса затрымалі на ўкраінска-расейскай мяжы: блогер быццам не атрымаў палітычнага прытулку ва Украіне і паехаў у Расею шукаць працу. Праз тое, што ён быў абʼяўлены ў міжнародны вышук, яго затрымалі ды змясцілі ў СІЗА ў Бранску.

Паляк і каталік

Менавіта «Спутник и погром» у матэрыяле «Як этнічны паляк дапамагаў беларусам будаваць антырасейскі нацыяналізм: павучальная гісторыя» першым паінфармаваў, што ведае, хто такі Джон Сільвер.[/vc_column_text][vc_single_image image=”173554″ img_size=”large” add_caption=”yes”][vc_column_text]

«Сустракайце: заснавальнік галоўнага русафобскага рэсурса экс-БССР – 25-гадовы ўраджэнец заходнебеларускага гораду Ліда, практыкуючы каталік, этнічны паляк Эдуард Аляксандравіч Пальчыс. У Расею Пальчыс прыехаў у пошуках працы. Не змог атрымаць ува Украіне палітычнага прытулку», – піша Аверʼянаў-Мінскі.

У расейскага сайту з Сільверам былі даўнія рахункі: 1863x.com раней заклікаў чытачоў пісаць у Міністэрства інфармацыі заявы з просьбамі заблакаваць «Спутник и погром» у Беларусі. Дакладна вядома пакуль толькі адно: юнак на здымку – сапраўды Пальчыс.

Суд ці экстрадыцыя

Як апазіцыйныя, нават у стасунку да Пуціна, расейскія ўльтранацыяналісты атрымалі здымкі Эдуарда Пальчыса? Яснасць у гэтым пытанні не дадае пазіцыя бранскай паліцыі, якая ў інтэрвію «Радыё Свабода» абвергла інфармацыю пра ўтрыманне пад вартаю грамадзяніна Беларусі Эдуарда Пальчыса.

Каб даведацца акалічнасці гэтай справы, застаецца толькі чакаць. Тое ж самае тычацца і далейшага лёсу Пальчыса. Ёсць дзве магчымасці: калі апошнія навіны акажуцца праўдай, неабавязкова адбудзецца экстрадыцыя ў Беларусь. У расейцаў можа ўзнікнуць жаданне правесці свой суд. Раней у Расеі за экстрэмізм і падбухторванне да тэрарызму (арт. 205.2 КК РФ) быў асуджаны прынамсі адзін грамадзянін Беларусі, Кірыла Сілівончык. 22-ухгадовы гамяльчук працаваў сістэмным адміністратарам у адной з кампаніяў у Ніжнім Ноўгарадзе. Яго арыштавалі ў снежні 2014 года.[/vc_column_text][vc_column_text]Паводле матэрыялаў следства, у кастрычніку мінулага года беларус на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» апублікаваў фотаздымкі і дакументы, якімі выказаў сваё стаўленне да падзеяў ва Украіне. Ён заклікаў, у прыватнасці, «забіваць маскалёў» ды «вярнуць Крым Украіне». Сярод фотаздымкаў і ілюстрацыяў былі і такія, дзе ўкраінскі жаўнер раздзірае расейскі сцяг і топча расейскі герб.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну, верагодна, гэта гаворыць пра тое што абраў тактыку, якая змяншае пакаранне. Гэта дало магчымасць правесці працэс у простым рэжыме і паскорыць судовыя працэдуры. Як адзначыла адвакат беларуса, ён не мог разлічваць на ўмоўны прысуд, таму што не меў сталага месца жыхарства ў Расеі.[/vc_column_text][vc_single_image image=”173549″ img_size=”large” add_caption=”yes”][vc_column_text]Сілівончык атрымаў два гады папраўчай калоніі-пасялення – гэты вырак быў найменшым з магчымых: артыкул прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Што будзе з Джонам Сільверам?

Калі ягоная справа будзе развівацца паводле аналагічнага сцэнару, Менску гэта будзе толькі на руку. Дзеля пацяплення адносінаў з Захадам Аляксандр Лукашэнка вызваліў палітычных зняволеных. І Пальчыс – жалезны кандыдат на новага «палітычнага», зроблены чужымі – расейскімі – рукамі. А расейцам асудзіць Пальчыса – простая справа.

«Калі нашыя палітычныя вязні будуць сядзець у Расеі, Захад можа спакойна супрацоўнічаць з Лукашэнкам, бо іх у нас няма», – лічыць рэдактарка інтэрнэт-рэдакцыі «Белсату» Воля Швед.

Такое развіццё падзей было б найгоршым для самога Пальчыса, які можа быць асуджаны і забыты. Як Кірыл Сілівончык, чый арышт і суд над якім не выклікалі ніякага рэзанансу ў Расеі. Адвакат не прыгадала ніводнае публікацыі гэтай справы ў расейскіх медыях або рэакцыі мясцовых праваабаронцаў.

Цэзары Галіньскі, belsat.eu

Стужка навінаў