У расейскага прапагандыста Салаўёва эпізод з мастацкага фільма выдалі за рэальны факт


У эфіры праграмы «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым», 21 сакавіка, палітолаг Дзмітрый Кулікоў выдаў дыялог з мастацкага фільма «Трыццаць тры» за цытату з інтэрв’ю савецкага актора Яўгена Ляонава «заходнім журналістам».

«Ёсць жа выдатны адказ заходняму журналісту нашага вялікага рускага актора Яўгена Ляонава. Калі яго спыталі: «А вы бывалі за мяжой? «Ён кажа: «Так, у Польшчы, Чэхіі і ў Германіі». «Турыстам?» «Не, у пяхоце». Гэта абʼектыўны факт, гэта зафіксавана ў інтэрвʼю заходнім СМІ», – сказаў палітолаг.

А Уладзімір Салаўёў з ім пагадзіўся: «Так, гэта праўда».

На самай справе гэтыя словы былі сказаны не ў рэальным жыцці Яўгенам Ляонавым, а ягоным персанажам у камедыі 1965 года «Трыццаць тры». Прычым гаварылася гэта не заходнім журналістам, а савецкім. А сам актор Яўген Ляонаў не прымаў удзел у Другой сусветнай вайне і наагул не служыў у войску.

На гэтую недарэчнасць звярнуў увагу карыстальнік «Twitter» Gulay_Pole, які апублікаваў відэа з фрагментам перадачы і арыгінальнымі кадрамі з савецкай камедыі.

На наступны дзень Кулікоў прызнаўся, што пераблытаў Яўгена Лявонава з яго персанажам, але гэта нібыта не мае значэнне, бо гаворка ідзе пра «культурным архетыпе».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў