У Расеі затрымалі аднаго з лідараў банды Марозава


Ва Уладзівастоку супрацоўнікі ФСБ Расеі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС Беларусі затрымалі Сяргея Дзербенева – аднаго з лідараў так званай банды Марозава. Ён амаль 15 гадоў знаходзіўся ў міжнародным вышуку за здзяйсненне забойстваў на Гомельшчыне ў канцы 90-х – пачатку 2000 гадоў. Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС.

Дзербенеў працаваў ахоўнікам на адным з прадпрыемстваў Уладзівастоку.

«Падчас затрымання ён прадʼявіў расейскі пашпарт на чужое імя, маючы намер такім чынам схаваць сваю асобу. Мяркуецца, што дакумент зʼяўляецца сапраўдным. Трэба высветліць, на якой падставе ён быў выдадзены затрыманаму», – адзначылі ў ГУБАЗіК МУС.

Цяпер 52-гадовы «марозавец» знаходзіцца ў СІЗА, рыхтуецца працэдура яго экстрадыцыі ў Беларусь.

  • Банда Марозава – адна з самых уплывовых і крывавых арганізаваных злачынных груповак у гісторыі незалежнай Беларусі. Банда пад кіраўніцтвам Сяргея Марозава больш за 10 гадоў здзяйсняла жорсткія злачынствы на тэрыторыі Гомельскай вобласці – вымагальніцтва, рабаванні, забойствы і іншыя. Дзейнасць групоўкі пакрывала мясцовая міліцыя і пракуратура.
  • Усяго следствам было даказана больш за 100 злачынстваў, учыненых «марозаўцамі», у тым ліку каля 20 забойстваў. У 2006 годзе паводле прысуду Вярхоўнага суда трое «марозаўцаў» былі прысуджаныя да расстрэлу. Вялікія тэрміны зняволення атрымалі іншыя ўдзельнікі банды.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў