У Расеі забаранілі пракат камедыі «Смерць Сталіна». У Беларусі пакуль не


Міністэрства культуры Расеі адклікала пракатнае пасведчанне брытанскай сатырычнай камедыі «Смерць Сталіна» рэжысёра Арманда Іянуччы, якая павінна была выйсці ў Расеі 25 студзеня.

Напярэдадні адбыўся закрыты паказ фільма, на якім прысутнічалі дзеячы кіно, дэпутаты Дзярждумы, чальцы грамадскага савета пры Мінкульце. Многія з іх па выніках прагляду выказаліся за забарону стужкі.

Раней расейскія дзеячы кіно напісалі калектыўны ліст на імя міністра культуры з просьбай адклікаць пракатнае пасведчанне «Смерці Сталіна», назваўшы фільм «пасквілем» на гісторыю Расеі, піша Медуза.

У Беларусі кінастужка «Смерць Сталіна» выходзіць у пракат 25 студзеня, але, паводле афішы, паглядзець яе можна толькі ў 2 кінатэатрах – Silver Screen ў ГЦ «Дана Мол» і Falcon Club. Пакуль невядома, ці будуць унесены якія-небудзь карэктывы ў планы пракату ў Беларусі.

Як піша TUT.by, у адрозненне ад расейскіх калегаў, якія глядзяць стужку за дзень да прэм’еры, беларускі Мінкульт азнаёміцца з карцінай у першы дзень пракату і сваё заключэнне выдае постфактум.

«Адпаведна, згодна з рашэннем Мінкульта, мы будзем альбо прыбіраць фільм з рэпертуару, альбо пракатваць, – тлумачыць Настасся Гурына, дырэктар па рэпертуарныя планаванне Silver Screen. – У нас іншае пракатнае пасведчанне, і тыя фільмы, якія забараняюць або пераносяць у Расеі, у Беларусі могуць атрымаць зусім іншую пракатную гісторыю».

Сюжэт фільма «Смерць Сталіна» будуецца вакол барацьбы за ўладу ў СССР, якая разгарнулася пасля смерці генсека ў 1953 годзе.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў