У Расеі зʼявіўся фэйкавы сабака-супермен, які ратуе дзяцей ад аўтобусаў (мапа гераічных учынкаў)


Адразу ў некалькіх рэгіянальных рэсурсах у Расеі зʼявілася шчымлівая гісторыя пра сабаку-дварняка, якая ўратавала маленькага хлопчыка «ад жудаснай смерці». Цымус у тым, што кожны з мясцовых рэсурсаў сцвярджае, што здарэнне адбылося менавіта ў іхным горадзе.

«Сибновости» паведамляе, што ў Краснаярску дварняк адрэагаваў на енкі дзіцяці, якога зашчаміла дзвярыма аўтобуса. Кіроўца гэтага не заўважыў і пачаў адʼязджаць, але на шчасце, заўважыў сабаку, які кідаўся пад колы і брахаў. Таму спыніўся, зірнуў у люстэркі і адчыніў дзверы.

Тое ж самае распавядае «Молодежная газета (Уфа)». Натуральна, што хлопчыка зашчаміла там жа – у сталіцы Башкртастану.

Рэсурс «ростов.рф» удакладняе, што калі б не дбайны сабака – «быць бядзе»! Але няшчаснага растоўскага школьніка і тут выратаваў калматы супермэн.

Аўтар сайту «Блокнот Краснодар» не сумняецца, што ўсё адбылося менавіта ў Краснадары. Тэкст напісаны такім чынам, быццам журналіст на свае вочы бачыў трагічную сітуацыю і тое, як «школьнік залямантаваў ад болю».

Аналагічная гісторыя адбылася ў Омску і Пензе.

Рэдакцыя belsat.eu вырашыла не застацца ўбаку ад гэтага феномену. Хоць дварняк і не ратаваў школьнікаў у Беларусі, мы склалі мапу, якая дазволіць ацаніць маштабы аператыўнасці і самаадданасці гераічнага расейскага дварняка. Паміж гарадамі – тысячы кіламетраў, усё акцыі ратавання адбываліся цягам 2-3 дзён!


Крыніца – d3.ru

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў