У Расеі таемна знішчаюць архіўныя звесткі пра рэпрэсаваных у СССР

ВІДЭА

У Расеі на падставе засакрэчанага міжведамаснага загаду 2014 года знішчаюцца архіўныя ўліковыя карткі са звесткамі аб рэпрэсаваных у СССР. Пра гэта дырэктар Музею гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў паведаміў дарадцы прэзідэнта РФ Міхаілу Фядотаву, папрасіўшы яго разабрацца ў сітуацыі.

Знішчэнне картак азначае поўнае выдаленне інфармацыі пра знаходжанне асуджаных у сістэме ГУЛАГу. Эксперты лічаць, што дадзеная практыка можа мець катастрафічныя наступствы для вывучэння гісторыі лагераў і атрымання дадзеных аб ахвярах рэпрэсіяў.

«У выпадку калі зняволены паміраў або гінуў у лагеры, яго асабістая справа адпраўлялася на бестэрміновае захоўванне, – тлумачыць Раманаў.- А калі чалавек вызваляўся, то яго справа вынішчалася, але складалася архіўная картка, дзе ўказваліся прозвішча, імя, год і месца нараджэння, перамяшчэнне зняволенага паміж лагерамі і лагернага пунктамі, а таксама дата вызвалення».

Аб практыцы знішчэння картак даведаўся даследчык Сяргей Прудоўскі, калі шукаў інфармацыю пра рэпрэсаванага селяніна Фёдара Чазава.

«Я запытаў УМУС па Магаданскай вобласці. Яны адказалі, што асабістая справа зняволенага было знішчана яшчэ ў 1955 годзе згодна з загадам тых гадоў. Пры гэтым высветлілася, што архіўная уліковы картка таксама была знішчаная», – распавёў «Коммерсанту» Прудоўскі.

На яго пытанне, на якой падставе гэта зроблена, прадстаўнік МУС Міхаіл Сярогін паведаміў, што ёсць міжведамасны загад пад грыфам «для службовага карыстання» ад 12 лютага 2014 года, падпісаны сумесна МУС, Мінюстам, Мінабароны, ФСБ і яшчэ шэрагам дзяржаўных органаў.

«Крымінальныя справы грамадзянаў захоўваюцца ў ФСБ альбо ў дзяржархіву. Але ўсе яны сканчаюцца датай асуджэння і звесткамі пра прысуд: расстрэл або лагер. З расстрэлам зразумела. А інфармацыя, куды быў адпраўлены прысуджаны да лагераў, ці выжыў, ці пераводзіўся з аднаго лагера ў іншы, знаходзіцца толькі ва ўліковых картках, якія захоўваюцца ў МУС. І гэтая інфармацыя пасля знішчэння карткі аддаецца забыццю», – растлумачыў спадар Прудоўскі.

Ён адзначыў, што дакладная колькасць асуджаных у гады савецкіх рэпрэсіяў невядома. Толькі на 1937-1938 гады прыпадае больш за 1,7 млн ​​арыштаў па палітычных артыкулах. Па падліках міжнароднага таварыства «Мемарыял», агульная колькасць рэпрэсаваных можа дасягаць 12 млн.

ІІ, belsat.eu, паводле Коммерсант

Глядзі таксама
Каментары